2018-01-10 15:48:00

Святы Пасад правядзе праверку ў каталіцкім аб’яднанні ў Перу


Апостальская Сталіца прыняла рашэнне аб прызначэнні спецыяльнага камісара для правядзення праверкі ў Таварыстве апостальскага жыцця “Sodalitium Christianae Vitae” – каталіцкім аб’яднанні, якое дзейнічае у Лацінскай Амерыцы з 1971 г. Адмысловы дэкрэт быў выдадзены 10 студзеня 2018 г. Кангрэгацыяй па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця. 

Прычынай паслужыла сур’ёзнасць інфармацыі аб унутраным рэжыме, фармацыі і эканоміка-фінансавым кіраванні ў Таварыстве, а таксама меры прынятыя судовымі органамі Перу ў адносінах да яго заснавальніка і генеральнага настаяцеля Луіса Фернанда Фігары, абвінавачанага ў фізічным, псіхалагічным і сексуальным насіллі над маладымі людзьмі, у тымі ліку над непаўналетнімі.

Апостальскім камісарам быў прызначаны калумбійскі біскуп Ноэль Антоніа Ландоньё Буітрага. Рэферэнтам Кангрэгацыі па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця і Апостальскім дэлегатам “ad nutum” па сітуацыі ў “Sodalitium Christianae Vitae” застанецца кардынал Джозэф Уільям Тобін, арцыбіскуп Ньюарк у ЗША. Ён назірае за рэфармаваннем Таварыства з мая 2016 г. 

У спецыяльным паведамленні Залы Друку Апостальскай Сталіцы адзначаецца, што Францішак з хваляваннем сачыў за інфармацыяй, якая на працягу некалькіх гадоў паступала ў Кангрэгацыю па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця аб сітуацыі ў Таварыстве. 

Ён заклікаў гэту профільную ватыканскую дыкастэрыю прыняць адпаведныя меры і пасля паглыбленага аналізу ўсёй дакументацыі, дыкастэрыя выдала дэкрэт аб прызначэння камісара. Рашэнне было прынята напярэдадні Апостальскага падарожжа Святога Айца ў Перу, якое пройдзе 19-21 студзеня 2018 г.   








All the contents on this site are copyrighted ©.