2018-01-07 14:40:00

Кардынал-прэфект: гамілія – важная прылада евангелізацыі


Гамілія не павінна быць “дэманстрацыяй уласнай эрудыцыі”, але перадачай Божага слова для штодзённага жыцця вернікаў, падкрэсліў кардынал Бэньяміна Стэла, прэфект Кангрэгацыі па справах духавенства. Ватыканская дыкастэрыя, якую ён узначальвае, распрацавала мабільную праграму “Clerus app”, якая павінна дапамагчы святарам належна рыхтавацца да нядзельнай гаміліі.

У сувязі з гэтым іерарх заўважыў, што з’яўляенне аплету адпавядае духу вучэння папы Францішка, які нават прысвясціў праблеме падрыхтоўкі гамілій восем раздзелаў сваёй Апостальскай адгартацыі “Evangelii gaudium”. “Здаецца, што гамілія з’яўляецца нечым другасным, але, насамрэч, сёння яна стала фундаментальнай прыладай евангелізацыі і катэхізацыі хрысціянскага народа”, - сказаў ён.

Паводле кардынала-прэфекта, калі святар нясе служэнне ў парафіі, то павінен пачынаць рыхтаваць нядзельную гамілію ўжо ў панядзелак: пазнаёміцца з літургічнымі чытаннямі, а затым, працуючы з людзьмі, заўважаць канкрэтныя рэчы, пра якія потым можна ўзгадаць. Менавіта так гамілія становіцца напоўненай досведам, а таксама карыснай для духоўнага жыцця людзей, лічыць кардынал. Вернікі патрабуюць “духоўнага паліва”, якім з’яўляецца гамілія, каб станавіцца мацней, дадаў ён. 

Кардынал Стэла паставіў у прыклад папу Францішка, казанні якога працягваюцца не больш за шэсць-сем хвілін і ўтрымліваюць у сабе дзве-тры галоўныя думкі. “Папа прамаўляе павольна, шмат думае пра тое, аб чым кажа, вельмі гнуткі ў выкарыстанні мовы, вобразаў, слоў”, - сказаў ён. Паводле іерарха, людзі слухаюць Папу, бо ён прамаўляе ад сэрца і кажа пра канкрэтныя сітуацыі ў святле Божага слова. 

Прэфект Кангрэгацыі па справах духавенства адзначыў важнасць належнай гамілістычнай падрыхтоўкі будучых святароў. Акрамя таго, пастыры павінны шмат маліцца, каб добра прамаўляць да людзей, і ўсведамляць, што вернікі ад іх чакаюць павагі, якая выражаецца ў выкарыстанні адпаведных слоў і належнай працягласці гаміліі, лічыць высокі ватыканскі іерарх.








All the contents on this site are copyrighted ©.