2018-01-01 12:11:00

Папа: марыйная пабожнасць – патрэба хрысціянскага жыцця


Марыя з’яўляецца такой, якой Бог хоча бачыць усіх нас і Касцёл: Маці ласкавая, пакорная, бедная рэчамі і багатая любоўю, свабодная ад граху, паяднаная з Езусам, якая захоўвае Бога ў сэрцы і бліжняга ў жыцці, падкрэсліў Папа падчас св. Імшы ў ватыканскай базыліцы, якую цэлебраваў 1 студзеня 2018 г. з нагоды ўрачыстасці Святой Багародзіцы Марыі. 

Праз уцелаўленне Бог стаў адным з нас, нагадаў Пантыфік і заклікаў вернікаў зразумець, наколькі чалавецтва з’яўляецца дарагім і святым для Пана. “Па гэтай прычыне, служыць чалавечаму жыццю – значыць служыць Богу, а таксама прымаць, любіць і дапамагаць кожнаму жыццю: ад таго, якое знаходзіцца ва ўлонні маці да пажылога, пакутуючага, хворага, якое стварае нязручнасці ці нават выклікае агіду”, - дадаў Францішак.

Пантыфік спаслаўся на Евангелле, якое кажа, што Марыя “захоўвала” ўсё, што з ёй здаралася і разважала над гэтым у сэрцы. Ён заклікаў вернікаў таксама суцішыцца і стаўшы перад святочнымі яслямі адчуць, наколькі яны з’яўляюцца любімымі Богам. Важна дазволіць Езусу прамаўляць у нашых сэрцах, каб сваёй паставай дзіцяці Ён знішчыў нашу пыху, каб Яго беднасць прысароміла нашу любоў да раскошы, каб Яго ласкавасць ускалыхнула нашы нячулыя сэрцы.

“Штодзённа знаходзіць хвіліну цішыні з Панам – значыць захоўваць нашу душу, значыць захоўваць нашу свабоду ад каразійнай банальнасці спажывецтва і аглушэння рэкламы, ад распаўсюджвання пустых словаў і руйнуючых хваляў плётак і нараканняў”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Іншая пастава Маці Божай заключалася ў тым, што ўсе свае цяжкасці яна давярала Богу: не паддавалася роспачы ці страху, расчараванню ці забабонам, не закрывалася і не спрабавала забыць пра іх, але вяла дыялог з Панам. Вось таямніца Марыі: захоўвала і заносіла да Бога ўсё, што адбывалася ў яе сэрцы, падкрэсліў Францішак.

Напрыканцы гаміліі Папа падкрэсліў, што пабожнае ўшанаванне Панны Марыі з’яўляецца патрэбай хрысціянскага жыцця. “Дар Маці, дар кожнай маці і кожнай жанчыны, вельмі дарагі Касцёлу, які сам з’яўляецца маці і жанчынай”, - сказаў Францішак і пажадаў, што Маці Божая прынесла спакой свайго Сына ў сэрцы людзей і на ўвесь свет.








All the contents on this site are copyrighted ©.