2017-12-29 11:59:00

Сумная статыстыка: 23 душпастыры забіты ў 2017 годзе


У 2017 г. у свеце былі забіты 23 асобы, якія служылі з душпастырскай апекай у Каталіцкім Касцёле. У іх ліку 13 святароў, законнік, законніца і 8 свецкіх касцёльных работнікаў, адзначаецца ў штогадовым даследванні ватыканскага місійнага агенцтва “Fides”. Пасля хвалі насілля мінулага года, калі ў свеце загінуў 31 душпастыр, назіраецца невялікае памяншэнне колькасці ахвяр. 

Па ранейшаму пальма першынства ў гэтай сумнай статыстыцы належыць Амерыцы, у асноўным Лацінскай, якая застаецца самым небяспечным для людзей Касцёла рэгіёнам свету на працягу апошніх дзевяці гадоў. Сёлета тут загінулі 11 душпастыраў, сярод якіх 8 святароў, законнік і 2 свецкія вернікі. Затым ідзе Афрыка, дзе налічваецца 10 такіх ахвяр – 4 святары, законніца і 5 свецкіх. Завяршае статыстыку Азія, дзе ў мінулым годзе мучанікамі сталі святар і свецкі касцёльны служачы.

Паводле даследвання, у многіх выпадках забойствы адбыліся падчас спробаў крадзяжу маёмасці ахвяр ці касцёльнай уласнасці, у кантэкстах асаблівай эканамічнай і культурнай беднасці, маральнага і экалагічнага заняпаду, дзе насілле і гвалт зведзены да нормы паводзінаў пры поўнай адсутнасці павагі да жыцця і правоў чалавека. 

Смяротныя ахвяры з’яўляюцца толькі вяршыняй айсберга: многія душпастыры і простыя католікі рэгулярна становяцца ахвярамі агрэсіі, крадзяжоў, абразаў, пагрозаў, а каталіцкія структуры, якія служаць ўсяму насельніцтву, становяцца аб’ектамі актаў вандалізма, нападаў і падпалаў. Да вынікаў даследвання заўсёды трэба дадаваць доўгі спіс асобаў аб якіх магчыма ніколі не будзе магчымасці атрымаць вестак, невядомых мучанікаў, якія ў розных частках планеты пакутуюць і плацяць жыццём за сваю веру ў Езуса Хрыста.

Вінаватыя ў злачынствах супраць людзей Касцёла рэдка выяўляюцца ці нясуць пакаранне за свае дзеянні. У гэтым сэнсе паказальным з’яўляецца выпадак забітага ў 1987 г. ў Бразіліі іспанскага місіянера Вісэнтэ Каньяса. У 2006 г. абвінавачаныя ў забойстве былі вызвалены ад адказнасці за адсутнасцю доказаў іх удзелу ў злачынстве. У ходзе новага працэсу, які прайшоў у лістападзе 2017 г., быў асуджаны заказчык забойства – апошні з яшчэ жывых асобаў, якія мелі датыченне да гэтай справы.

У даследванні ватыканскага місійнага агенцтва “Fides” адзначаецца, што ў перыяд з 2000 па 2016 г. у свеце былі забіты 424 асобы, якія служылі з душпастырскай апекай у Каталіцкім Касцёле, сярод якіх 5 біскупаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.