2017-12-24 14:22:00

Пантыфік: прымем Божую задуму ў наша жыццё


Па прыкладзе Панны Марыі, з шчырай пакорай і адважнай шчодрасцю, прымем Божую задуму ў наша жыццё, заклікаў папа Францішак 24 снежня 2017 г. перад малітвай “Анёл Панскі”, якая прайшла на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.

“У гэту нядзелю, якая непасрэдна папярэднічае Божаму Нараджэнню, мы чуем Евангелле аб Звеставанні (пар. Лк 1,26-38), - нагадаў Папа. - У гэтым евангельскім урыўку мы можам заўважыць кантраст паміж абяцаннямі анёла і адказам Марыі. Гэты кантраст выяўляецца ў памеры і змесце выразаў абедзьвюх галоўных дзеючых асобаў. Анёл кажа Марыі: “Не бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Пана. І вось зачнеш ва ўлонні сваім і народзіш Сына, і дасі Яму імя Езус. Ён будзе вялікі і будзе названы Сынам Найвышэйшага, і дасць Яму Пан Бог трон Давіда, бацькі Ягонага. І валадарыць будзе над домам Якуба вечна, і валадарству Яго не будзе канца” (Лк 1,30-33). Гэта доўгае аб’яўленне, якое дае пачатак нечуваным перспектывам. Дзіцятка, якое народзіцца ад гэтай пакорнай дзяўчыны з Назарэта, будзе названа Сынам Найвышэйшага: немагчыма ўявіць годнасць большую за гэту. А пасля пытання Марыі, у якім яна прасіла аб тлумачэнні, аб’яўленне анёла становіцца яшчэ больш дэтальным і здзіўляючым.

У сваю чаргу адказ Марыі – гэта кароткая фраза, якая не кажа аб хвале ці прывілеі, а толькі аб гатоўнасці і служэнні: “Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова” (Лк 1,38). Таксама і змест іншы. Марыя не ўзвышае сябе перад абліччам перспектывы стаць аж маці Месіі, але застаецца сціплай і выражае ўласную адданасць задуме Пана. Марыя не хваліцца. Яна пакорная і сціплая. Застаецца такой, якой была заўсёды.

Гэты кантраст мае вялікае значэнне. Ён дазваляе нам зразумець, што Марыя з’яўляецца па-сапраўднаму пакорнай і не імкнецца станавіцца ў цэнтр увагі. Яна прызнае сябе малой перад Богам і задаволена быць такой. У той жа час, яна ўсведамляе, што ад яе адказу залежыць спаўненне Божай задумы, і што яна паклікана цалкам прысвяціць гэтай задуме ўсю сябе.

У гэтай сітуацыі, пастава Марыі дасканалым чынам адпавядае паставе Божага Сына, які прыходзіць на свет: Ён прагне стаць Слугой Пана, служыць чалавецтву, каб споўніць задуму Айца. Марыя кажа: “Вось я слуга Пана”, а Сын Божы, прыходзячы на свет, кажа: “Вось прыходжу (...), каб споўніць Тваю волю” (Габ 10.7.9). Пастава Марыі цалкам адлюстроўвае гэтыя словы Божага Сына, які становіцца таксама сынам Марыі. Такім чынам Маці Божая прадстае дасканалай супрацоўніцай Божай задумы, а таксама вучаніцай свайго Сына, а ў “Магніфікат”, зможа абвяшчаць, што “Бог узвысіў пакорных” (Лк 1,52), бо дзякуючы гэтаму свайму пакорнаму і шчодраму адказу яна атрымала найвышэйшую ласку, а таксама найвышэйшую хвалу.

У той час як захапляемся нашай Маці, за гэты Яе адказ на Божае пакліканне і місію, папросім Яе дапамагчы кожнаму з нас прыняць Божую задуму ў наша жыццё, з шчырай пакорай і адважнай шчодрасцю”. 

Пасля марыйнай малітвы Францішак заклікаў вернікаў, перад абліччам надыходзячай урачыстасці Божага Нараджэння, спыніцца на некалькі хвілін, каб у цішыні памаліцца перад стаенкай і аддаць пашану таямніцы сапраўднага Божага Нараджэння, нараджэння Езуса, які прыходзіць да нас з любоўю, пакорай і ласкавасцю.








All the contents on this site are copyrighted ©.