2017-12-21 11:10:00

Святы Айцец пра абавязкі Рымскай курыі “ad extra”


Францішак правёў 21 снежня 2017 г. сваю традыцыйную перадсвяточную сустрэчу з супрацоўнікамі ўсіх падраздзяленняў Рымскай курыі. Ён скарыстаўся магчымасцю, каб павіншаваць увесь персанал з надыходзячымі святамі Божага Нараджэння і падзяліцца некаторымі разважаннямі аб місіі структуры. Сёлета Пантыфік засяродзіўся на заданнях дыкастэрый у фармаце “ad extra” – іх знешняй дзейнасці.

Ён падкрэсліў, што такая ўстанова, як Рымская курыя не можа працаваць у ізаляцыі і самарэферэнцыі, паколькі гэта вядзе да самаразбурэння. Такое стаўленне, на жаль, можа пранікаць у касцёльныя органы праз людзей, якія там працуюць, заўважыў Францішак. Курыя па сваёй прыродзе паклікана быць адкрытай на свет, паколькі звязана з місіяй Наступніка св. Пятра, служэннем Слову і абвяшчэннем Добрай Навіны. Папа назваў гэта “дыяканальным прыматам”, калі дыкастэрыі і іх супрацоўнікі становяцца вушамі і вуснамі Пантыфіка, яго сэрцам і душой.

Святы Айцец параўнаў Рымскую курыю з антэнай, якая працуе ў двух напрамках: дакладна перадае волю Папы і настаяцеляў і з’яўляецца атрымальнікам пытанняў, пажаданняў, скаргаў, смуткаў і радасці мясцовых Касцёлаў і свету, перадаючы гэта Біскупу Рыма.

Францішак сканцэнтраваў сваю ўвагу на некалькіх аспектах знешняй дзейнасці Рымскай курыі, першым з якіх з’яўляюцца “адносіны з народамі”. Тут фундаментальную ролю адыгрывае ватыканская дыпламатыя, якая шчыра і пастаянна спрыяе дыялогу паміж народамі і імкнецца быць будаўніком мастоў міру. Адным словам, падкрэсліў Пантыфік, яна служыць чалавецтву і чалавеку. Ён падкрэсліў, што дыпламатыя Святога Пасаду павінна быць вольнай ад любой свецкай і матэрыяльнай зацікаўленасці. Ватыкан прысутнічае на сусветнай арэне, каб працаваць з усімі людзьмі добрай волі і народамі, падкрэсліваючы важнасць захавання нашага агульнага дома ад любога роду дэструктыўнага эгаізму.

Першараднае значэнне маюць адносіны Курыі з мясцовымі Касцёламі і дыяцэзіямі. Яны павінны знаходзіць тут неабходную падтрымку і дапамогу. Гэтыя кантакты павінны засноўвацца на супрацоўніцтве і даверы і ніколі на перавазе ці процідзеянні. Тут важную ролю, паводле Пантыфіка, граюць візіты “ad limina Apostolorum”. Яны ўяўляюць сабой выдатную магчымасць для сустрэчы, дыялогу і ўзаемнага ўзбагачэння. Менавіта таму, прызнаўся ён, быў зменены фармат сустрэч з Папам у рамках такіх візітаў. Францішак жадае свабоднага, канфідэнцыйнага, сумленнага дыялогу з біскупамі асобных краін, які выходзіць за рамкі шаблонаў і пратаколаў.

Асобны пункт сваёй прамовы Пантыфік прысвяціў адносінам Рымскай курыя і з Усходнімі Цэрквамі, якія назваў канкрэтным прыкладам багацця ў разнастайнасці для ўсяго Касцёла. Ён абазначыў важнасць паглыблення і перагляду “далікатнага пытання” абрання новых епіскапаў, што павінна адпавядаць, з аднаго боку, аўтаномнасці Усходніх Цэркваў, а з другога, духу евангельскай адказнасці і імкнення да далейшага ўмацавання адзінства з Каталіцкім Касцёлам.

Экуменічны дыялог – гэта яшчэ адна рэальнасць, важная для працы Рымскай курыі. Гаворка ідзе пра шлях наперад, а не ў адваротным кірунку, падкрэсліў Святы Айцец. Курыя павінна садзейнічаць сустрэчы з братамі, дапамагаць развязваць вузлы непаразумення і варожасці, выступаць супраць прадузятасцяў і страху, што перашкаджаюць бачыць багацце, разнастайнасць і глыбіню таямніцы Хрыста і Касцёла. У будаванні дыялогу з юдаізмам, ісламам і іншымі рэлігіямі важныя тры асноўныя кірункі: вернасць сваёй тоеснасці, мужнасць успрымання іншага не як ворага, але як спадарожніка, і шчырасць мэты, што выключае схаваныя матывы і любую канкурэнцыю.

Францішак нагадаў супрацоўнікам Рымскай курыі, што Бэтлеемская зорка вядзе нас да таго месца, дзе ляжыць Сын Божы, не сярод цароў і раскошы, але бедных і пакорлівых.








All the contents on this site are copyrighted ©.