2017-12-21 14:43:00

Пантыфік да работнікаў Ватыкана: берагчы працу, сям’ю, мову


Францішак падзякаваў ватыканскім супрацоўнікам за працу. Ён прыняў іх 21 снежня 2017 г. разам з сем’ямі на традыцыйнай перадсвяточнай аўдыенцыі ў Зале Паўла VI. Папа звярнуўся да ўсіх з спантаннай прамовай, у якой закрануў і праблемныя для ўнутранага жыцця Ватыкана пытанні.

Ён выбачыўся за ранейшае незахаванне працоўнага кадэксу ў адносінах да некаторых работнікаў. Часта прадугледжаны дакументам адна- двухгадовы пробны тэрмін, зацягваўся на доўгія гады. “Я не хачу нелегальнай працы ў Ватыкане. Прашу прабачэння, калі гэта яшчэ ёсць”, - сказаў Пантыфік і дадаў, што такая сітуацыя не адпавядае духу сацыяльнага вучэння Касцёла. Праца і ўпэўненасць у працоўным месцы дае годнасць, заўважыў ён. Францішак раскрытыкаваў сённяшнюю тэндэнцыю, калі ў імя “рацыяналізацыі” скарачаюцца працоўныя месцы, а людзей практычна выкідваюць на вуліцу – гэта агульнасусветная праблема.

Другой тэмай выступлення Пантыфіка стала сям’я, паколькі падаўляючая большасць ватыканскіх супрацоўнікаў – гэта свецкія вернікі. “Калі ласка, захавайце сем’і. Я ведаю, што гэта не так проста, ёсць асобасныя, псіхалагічныя праблемы... так шмат праблем у сужэнстве. Але паспрабуйце папрасіць аб дапамозе ў час, своечасова. Аберагайце сем’і. Я ведаю, што сярод вас тыя, хто жыве ў сепарацыі: ведаю і пакутую з вамі. (...) Калі так адбылося, па меншай меры, не павінны пакутаваць дзеці. (...) І мая парада вам: ніколі не спрачайцеся перад дзецьмі. Ніколі!”, - звярнуўся Святы Айцец.

Францішак узняў і яшчэ адну тэму, злабадзённую, на яго думку, для Ватыкану – плёткі. Пляткар з’яўляецца тэрарыстам, таму што як тэрарыст кідае бомбу і сыходзіць, яна выбухае і раніць і забівае шматлікіх людзей, патлумачыў ён і заклікаў не весці пустых размоў. Лекам на пляткарства, паводле Пантыфіка, з’яўляецца прабачэнне.

Святы Айцец пажадаў ватыканскім супрацоўнікам добрага Божага Нараджэння. Ён заклікаў іх прабачаць і прасціць аб прабачэнні, калі сумленне папракае за нешта, знайсці добрага духоўнага айца, які дапаможа ісці наперад і захаваць спакой у душы. Францішак пажадаў таксама радасці, якая зыходзіць знутры і заўважае патрабуючых. “Давайце берагчы працу, берагчы сям’ю і берагчы сваю мову!”, - заклікаў Пантыфік на развітанне.








All the contents on this site are copyrighted ©.