2017-12-20 12:03:00

Францішак правёў відэаканферэнцыю з японскай моладдзю


“Асноўным правілам хрысціянскага жыцця з'яўляецца пакланенне Богу і служэнне іншаму чалавеку. Калі хрысціянін не робіць гэта, ён не з’яўляецца паслядоўнікам Езуса Хрыста”, - такую думку выказаў папа Францішак падчас відэаканферэнцыі з студэнтамі Сафійскага ўніверсітэта ў Токіо. Моладзь накіравала шмат пытанняў, з якіх Папа для адказу абраў восем.

Адно з іх тычылася найбольшай радасці, якую Пантыфік перажыў з моманту абрання. Адказваючы, ён адзначыў, што такіх момантаў было шмат, і звязаны яны з непасрэдным кантактам з людзьмі. “Гэта прымушае мяне адчуваць сябе маладзейшым, больш шчаслівым, і дае мне шмат радасці”, - прызнаўся Францішак.

Японскія студэнты спыталіся і пра тое, што Папа думае пра моладзь. Ён падкрэсліў, што больш за ўсё яго непакоіць той факт, што маладыя людзі губляюць свае карані: культурныя, гістарычныя, чалавечыя, а з гэтым губляюць здольнасць росту. Як лек на гэту хваробу, Францішак параіў размовы з пажылымі людзьмі, якія могуць падзяліцца сваім вопытам. Дыялог з выклікамі сённяшняга дня трэба будаваць на мінулым.

Адказваючы на пытанне аб абароне навакольнага асяроддзя, Святы Айцец папярэдзіў, што калі людзі не ўспрымаюць гэтыя пытанні сур’ёзна, ідуць да самаразбурэння. У якасці прыкладу ён прывёў драму жыхароў астравоў Акіяніі, што ў найбліжэйшай будучыні ў сувязі з павышэннем ўзроўню вады апынуцца ў небяспецы знікнення з твару зямлі. Таксама ўзгадаў масавую высечку лясоў Амазонкі і іншых лясных масіваў, што выклікае вялікі дысбаланс у прыродзе. У якасці прычыны такіх дзеянняў, Францішак назваў эканамічныя інтарэсы, дзе лічацца выключна грошы і ўсё падпарадкавана ім.

Сярод пытанняў было і вельмі асабістае: як Папа ўспрымае сябе? Ён прызнаўся, што па крайняй меры адзін ці два разы на дзень робіць рахунак сумлення, пытаючы сябе пра свае рашэнні і паводзіны. “Я думаю, што я грэшнік, якога Бог любіць і любіць бесперапынна. І гэта прымушае мяне адчуваць сябе шчаслівым”, - сказаў Францішак падчас відэаканферэнцыі з японскай моладдзю.








All the contents on this site are copyrighted ©.