2017-12-20 13:19:00

Прадстаўнік Святога Пасаду пра небяспеку рашэння ЗША


Рашэнне адміністрацыі Злучаных Штатаў аб афіцыйным прызнанні Іерусаліма сталіцай Ізраіля “падлівае масла ў агонь” канфліктаў на Блізкім Усходзе і супярэчыць міжнародным пагадненням. Такое меркаванне выказаў у інтэрв’ю штотыднёвіку “The Tablet” арцыбіскуп Сільвана Тамазі.

Шматгадовы пастаянны прадстаўнік Апостальскай Сталіцы пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Жэневе лічыць, што адзіны шанец для міру, гэта нарошчванне намаганняў па ўрэгуляванні пытання існавання дзвюх дзяржаў: Ізраіля і Палестыны.

У той жа час, ён адзначыў, што “міжнародная супольнасць бачыць у Іерусаліме як рэлігійны, так і палітычны цэнтр, што выходзіць за рамкі такой ролі выключна для адной дзяржавы”. Аднабаковае рашэнне, прынятае цяперашняй адміністрацыяй ЗША, адрозніваецца ад пазіцыі міжнароднай супольнасці і становіцца крыніцай напружанасці ў рэгіёне, дзе і без таго ўжо шмат канфліктаў, сказаў ватыканскі іерарх.

Два тыдні таму Прэзідэнт ЗША заявіў аб прызнанні Іерусаліма ў якасці адзінай сталіцы Дзяржавы Ізраіль і перанясенні туды свайго пасольства. Прадстаўнікі палестынскага кіраўніцтва заявілі, што рашэнне Трампа раўнасільна абвяшчэнню вайны на Блізкім Усходзе. 

У ЗША ў 1995 г. быў прыняты закон, які прадугледжвае перанос пасольства ў Іерусалім. Аднак ён прадугледжвае адтэрміноўку рэалізацыі, рашэнне аб чым прымае Прэзідэнт ЗША. Усе папярэднікі Трампа карысталіся такой магчымасцю, баючыся наступстваў, да якіх гэты крок прывядзе.

Статус Іерусаліма – ключавая праблема палестынска-ізраільскага канфлікту. Згодна з рэзалюцыям ААН, цяпер гэта тэрыторыя лічыцца акупаванай, і яе статус павінен быць прадметам перамоў.








All the contents on this site are copyrighted ©.