2017-12-12 13:16:00

Рада кардыналаў праводзіць нараду ў прысутнасці Пантыфіка


У прысутнасці Францішка ў Ватыкане праходзіць пасяджэнне Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам. Гэта 22-е пасяджэнне дарадчай групы пры Пантыфіку. Яно пачалося 11 снежня 2017 г. і будзе доўжыцца тры дні. На завяршэнне чакаецца спецыяльнае паведамленне Залы Друку Апостальскай Сталіцы.

Папярэдняя нарада, якая праходзіла ў верасні, галоўным чынам была прысвечана вывучэнню прапаноў адносна далейшай рэформы Рымскай курыі. Базай сталі тэксты Папы па гэтай праблематыцы, у тым ліку звароты да Рымскай курыі з знагоды Божага Нараджэння і прамовы, якія прагучалі падчас двух кансісторыяў – у лютым і кастрычніку 2015 г., а таксама з нагоды 50-годдзя Сіноду Біскупаў.

Сярод тэм былі: Рымскай курыя, як прылада евангелізацыі і служэння Пантыфіку і мясцовым Касцёлам; дэцэнтралізацыя; роля нунцыятур; падбор і кампетэнцыя персаналу, які ў меншай меры павінен складацца з духавенства і ў большай з свецкіх вернікаў, у тым ліку моладзі і жанчын, і быць больш міжнародным.

Рада кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам была заснавана 28 верасня 2013 г. Першапачаткова ў яе склад уваходзілі восем пурпуратаў з розных рэгіёнаў свету. Пазней у яе працу ўключыўся бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца, кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін. Рада з’яўляецца кансультатытыўным органам, пасяджэнні якога маюць рэгулярны характар.








All the contents on this site are copyrighted ©.