2017-12-12 15:35:00

Пантыфік памоліцца за народы Лацінскай Амерыкі


Ва ўспамін Маці Божай Гвадэлупскай папа Францішак узначаліць св. Імшу ў інтэнцыі народаў Лацінскай Амерыкі. Эўхарыстыя пройдзе вечарам 12 снежня 2017 г. у ватыканскай базыліцы св. Пятра на іспанскай мове. Яе будуць упрыгожваць традыцыйныя лацінаамерыканскія спевы. У літургіі прымуць удзел прадстаўнікі краін гэтага рэгіёну.

Упершыню ўрачыстая Эўхарыстыя ва ўспамін Маці Божай Гвадэлупскай прайшла ў базыліцы св. Пятра ў 2011 г. Яе цэлебраваў папа Бэнэдыкт XVI з нагоды 200-годдзя незалежнасці краін Лацінскай Амерыкі. Францішак узначальвае літургію кожны год з моманту свайго абрання.

Маці Божая Гвадэлупская з’яўляецца апякункай усяго лацінаамерыканскага рэгіёну. Яе цудатворны абраз захоўваецца ў аднайменным санктуарыі ў сталіцы Мексікі, горадзе Мехіка. Штогадова яго наведваюць каля 14 млн. пілігрымаў з розных частак свету. Францішак маліўся тут 13 лютага 2016 г., падчас свайго Апостальскага падарожжа ў краіну. 








All the contents on this site are copyrighted ©.