2017-12-09 14:47:00

Папа нагадаў пра цяжкі лёс мігрантаў


Сустрэча з членамі Кангрэгацыі Сясцёр Місіянерак Найсвяцейшага Сэрца Езуса стала для Францішка магчымасцю нагадаць пра цяжкі лёс мігрантаў і місію Касцёла па дапамозе ім. Папа прыняў 250 законніц 9 снежня 2017 г. у Ватыкане. 

Нагодай для гэтага стала 100-годдзе з дня смерці св. Франчэскі Кабрыні – заснавальніцы манаскай супольнасці. Яна нарадзілася ў 1850 г. на поўначы Італіі. У трыццацігадовым узросце заснавала кангрэгацыю Сясцёр Місіянерак Найсвяцейшага Сэрца Езуса. У 1889 г. разам з іншымі законніцамі прыбыла ў ЗША, дзе аказвала дапамогу італьянскім мігрантам і клапацілася пра дзяцей-сірот.

Паводле Пантыфіка, мала, што змянілася з тых часоў. Новыя твары мужчын, жанчын і дзяцей, якія адлюстроўваюць беднасць і пакуты, іх працягнутыя рукі і сэрцы, якія шукаюць гасціннасці. Харызмат св. Франчэскі надзвычай актуальны сёння, паколькі мігрантам, безумоўна, патрэбныя добрыя законы, праграмы развіцця, арганізацыі, але больш за гэта, і, перш за ўсё, яны патрабуюць любові, сяброўства, чалавечай блізкасці, быць пачутымі; яны маюць патрэбу ў Богу. 

Папа заклікаў паслядоўніц святой, мець мужнасць глядзець у вочы асірацелых дзяцей, маладых людзей без працы, мужчын і жанчын, якіх эксплуатуюць на самых нізкааплатных працоўных месцах, таму што ў іх можна пазнаць Хрыста. Папа заклікаў законніц умець распазнаваць знакі часу, чытаць іх у святле Слова Божага і жыць, даючы адказ, які трапіць у сэрцы кожнага чалавека.








All the contents on this site are copyrighted ©.