2017-12-09 11:51:00

Беларусь: міністр і ЮНІСЕФ у дзіцячай вёсцы “Карытас”


8 снежня 2017 г. гомельскую “Дзіцячую вёску” – каталіцкі дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця – наведала дэлегацыя, у складзе якой былі міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч і прадстаўнік ЮНІСЕФ у Беларусі Рашэд Мустафа Сарвар. Менавіта па ініцыятыве гэтай міжнароднай арганізацыі адбыўся візіт ва ўстанову, пабудаваную Дабрачыннай каталіцкай місіяй “Карытас-Міласэрнасць”. 

Як распавёў Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё каардынатар праграмнай дзейнасці па абароне правоў дзяцей прадстаўніцтва ЮНІСЕФ у Беларусі Аляксандр Каранкевіч, сумесны візіт быў праведзены для азнаямлення з нацыянальнай палітыкай арганізацыі рэабілітацыйнай прасторы для дзяцей з інваліднасцю ў рамках інтэрнатнай установы і перадачы досведу.

“Мы лічым, што гомельскі вопыт - дом-інтэрнат, які стварыў аптымальныя ўмовы, набліжаныя да сямейных, для дзяцей з інваліднасцю, з’яўляецца прыкладам, якога маглі б прытрымлівацца іншыя падобныя ўстановы для таго, каб дзецям сапраўды было камфортна. Тут улічваецца іх ступень інваліднасці, тыя асаблівасці развіцця, якія ў іх ёсць, у інтэрнаце спрыяюць развіццю таго патэнцыялу, які можна развіць”, - заўважыў прадстаўнік Дзіцячага фонду ААН.

Як лічаць у ЮНІСЕФ, неабходна звярнуць увагу на тое, што ў некаторых месцах у Беларусі ёсць напрацоўкі, якія могуць быць распаўсюджаны ў іншых раёнах і абласцях. У прыватнасці, у Мінску ёсць падобная ўстанова. Міжнародная арганізацыя хацела б сфакусаваць увагу мінскіх гарадскіх уладаў на гомельскі інтэрнат, каб зыходзілі з станоўчага вопыту каталіцкай установы.

Міністр і прадстаўнік ЮНІСЕФ уважліва агледзелі карпусы, пагутарылі з персаналам і азнаёміліся з прынцыпамі работы інтэрната. У адміністрацыі ўстановы распавялі пра вялікія поспехі ў развіцці кожнага з выхаванцаў. Напрыклад, у інтэрнаце не засталося ўжо ніводнага дзіцяці, якога прыходзілася б карміць праз зонд – усе дзеці харчуюцца, карыстаючыся сталовымі прыборамі.

Як адзначыў дырэктар “Карытас-Міласэрнасць” кс. Юры Варанко, установе было прыемна прымаць такіх гасцей і пачуць з іх вуснаў высокую ацэнку. Па словах святара, доўгія гады сумесных з дзяржаўнымі органамі намаганняў прынеслі свой плён, і гэта натхняе на тое, каб не спыняцца на дасягнутым – неўзабаве павінна пачацца будаўніцтва другой чаргі дома-інтэрната. У “Карытас-Міласэрнасць” чакаюць, што як мага больш людзей адгукнецца і паўдзельнічае ў фінансаванні праекта – зараз праходзіць збор сродкаў на будаўніцтва. Да супрацоўніцтва запрашаюцца таксама зацікаўленыя арганізацыі.

Нагадаем, “Дзіцячая вёска” з’явілася ў Навабеліцкім раёне Гомеля ў 2011 г. Увесь комплекс пабудавала і абсталявала ўсім неабходным Дабрачынная каталіцкая місія “Карытас-Міласэрнасць” на грошы замежных дабрачынных арганізацый і прыватных ахвярадаўцаў з Германіі, Аўстрыі, Італіі і іншых еўрапейскіх дзяржаў. Потым на гэтай базе ў цесным супрацоўніцтве з абласным камітэтам па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне насельніцтва быў створаны “Гомельскі дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця”, фінансаванне якога дзяржава ўзяла на сябе.

Вёска разлічана на пражыванне ў ёй 60 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўмовах, максімальна набліжаных да сямейных. У такім асяроддзі, а таксама дзякуючы пастаянным дыдактычным і рэабілітацыйным заняткам, магчыма максімальна поўнае развіццё асобы. Чатыры асобныя групы-сем’і складаюцца з 15 чалавек. Злучальным звяном у іх з’яўляецца сястра-манахіня, яна разам з дапаможным персаналам клапоціцца аб належным клімаце выхавання і апякуе жыццё выхаванцаў. Трапіць у дом-інтэрнат мае магчымасць кожны, хто ў гэтым мае патрэбу, незалежна ад веравызнання.

Павел Міцкевіч, Пінская дыяцэзія.








All the contents on this site are copyrighted ©.