2017-12-09 14:14:00

Апостальскі прэфект Азербайджана стаў біскупам


Святы Айцец узвёў у біскупскую годнасць Апостальскага прэфекта Азербайджана, славацкага салезіяніна, кс. Уладзіміра Фэкетэ.

Святар нарадзіўся ў 1955 г. у Братыславе. У 1981 г. падпольна прынёс вечныя шлюбы ў Таварыстве св. Францішка Сальскага і праз два гады ў Берліне атрымаў святарскае пасвячэнне. Аж да падзення камуністычнага рэжыму ў 1990 г. працаваў геолагам у Славакіі. Займаў розныя пасады ў кангрэгацыі салезіянаў. У 2009 г. быў прызначаны настаяцелем місіі “sui iuris” у Баку. З моманту пераўтварэння місіі ў Апостальскую прэфектуру Азербайджана 4 жніўня 2011 г. займае пасаду прэфекта.

Афіцыйна каталіцкая супольнасць у краіне была зарэгістраваная ў 1999 г. з цэнтрам у касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Баку, асвечаным 7 сакавіка 2008 г. тагачасным Дзяржсакратаром Яго Святасці Папы, кардыналам Тарчызіа Бэртонэ. На цырымоніі прысутнічаў Прэзідэнт Ільхам Аліеў, а таксама кіраўнікі найбуйнейшых рэлігійных супольнасцяў – мусульмане, праваслаўныя і юдэі. Храм быў пабудаваны ў Баку на зямлі падоранай Яну Паўлу II падчас пілігрымкі ў 2002 г. тагачасным прэзідэнтам краіны Гейдарам Аліевым.

Католікаў ў краіне крыху больш за 500 чалавек. Тут  працуюць шэсць святароў і тры законніцы. Ёсць таксама Місіянеркі любові св. Маці Тэрэзы з Калькуты, якія вядуць у Баку дом для бедных.

2 верасня 2016 г. Азербайджан наведаў папа Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.