2017-12-08 15:36:00

Пантыфік памаліўся ля фігуры Маці Божай у Рыме


8 снежня 2017 г., ва ўрачыстасць Беззаганага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, Францішак здзейсніў традыцыйны візіт да скульптуры Маці Божай на Іспанскай плошчы ў Рыме. Тут, як і штогод, сабраліся прадстаўнікі мясцовых уладаў і вялікая група вернікаў.

Перад статуяй Панны Марыі, размешчанай на вяршыні “Калоны Беззаганнай”, Францішак прамовіў малітву, у якой ад імя ўсіх жыхароў Вечнага горада, падзякаваў Маці Божай за нястомную апеку, з якой суправаджае “шлях сем’яў, парафій, манаскіх супольнасцяў, шлях усіх людзей, якія штодзённа, часам з вялікімі высілкамі, перасякаюць Рым, ідучы на працу; шлях хворых, пажылых людзей, усіх бедных і вялікае мноства тых, хто ўцёк на гэту зямлю ад вайны і голаду”.

Пантыфік маліўся, каб Панна Марыя дапамагла развіць “антыцелы” супраць “некаторых сучасных вірусаў”, сярод якіх ён узгадаў абыякавасць, страх перад людзьмі, якія маюць адрозненні і замежнікамі, канфармізм, крывадушнасць і асуджэнне іншых, бяздзейнасць перад абліччам экалагічнага і маральнага заняпаду, эксплуатацыю шматлікіх мужчын і жанчын.

“Дапамажы, каб мы набылі добрую звычку, штодзённа чытаць урывак Евангелля і, па Тваім прыкладзе, захоўваць у сэрцы слова, каб, на падабенства добрага зерня, яно прыносіла плады ў нашым жыцці”, - маліўся Папа. Ад імя ўсіх вернікаў ён папрасіў Маці Божую дапамагчы пазбавіцца ад пыхі і ўбачыць сябе малымі і беднымі грэшнікамі, якія, аднак, заўсёды застаюцца Яе дзецьмі. 








All the contents on this site are copyrighted ©.