2017-12-02 12:00:00

Святы Айцец: у клопаце аб пакліканнях патрэбна ласкавасць


Пакліканне – гэта зерне, якому трэба дапамагаць расці з ласкавасцю, будучы пільнымі да дзейнасці злога, які сее пустазелле, і молячыся, каб адрозніваць добрае зерне ад кепскага, адзначыў Францішак у прамове да бангладэшскага духавенства, кансэкраваных асобаў і семінарыстаў. Сустрэча прайшла 2 снежня 2017 г. у катэдральным касцёле Святога Ружанца ў Дацы. У ёй прынялі ўдзел каля 1500 чалавек.

Спачатку Францішак выслухаў некалькі сведчанняў. Сваім праблемамі і радасцямі падзяляліся пяць чалавек: дыяцэзіяльны святар, місіянер, законнік, законніца і семінарыст. Папа прыгатаваў прамову на восем старонак, але не стаў яе зачытваць. Ён перадаў гэты тэкст кардыналу Патрыку Д’Разарыё, арцыбіскупу Дакі, і папрасіў зрабіць яго пераклад на бенгальскую мову. 

Святы Айцец звярнуўся да прысутных на сустрэчы з імправізаванай прамовай па-іспанску, у якой падзяліўся парадамі адносна добрага святарскага і манаскага жыцця. У першую чаргу ён закрануў тэму пакліканняў, у спрыянні якім важную ролю, паводле слоў Францішка, грае чалавечая ласкавасць. 

Пакліканне – гэта зерне Бога і таму ставіцца да яго трэба належна, падкрэсліў ён. “Трэба даглядаць пакліканне як дзіця, як хворага, як старога. Пакліканне даглядаецца з чалавечай ласкавасцю. Калі ў нашых супольнасцях, у нашых прэзбітэрах будзе недахоп гэтага вымярэння чалавечай ласкавасці, зерне, якое было маленькім, не вырасце і магчыма засохне”, - сказаў Папа.

Трэба адрозніванне добрае зерне ад пустазелля. “Гэта праўда, што ноччу прыходзіць вораг і сее іншае зерне. Узнікае рызыка таго, што добрае зерне будзе задушана кепскім. Пустазелле ў прэзбітэраце, гэта так кепска! Кепска калі ёсць пустазелле ў епіскапаце, у манаскай супольнасці ці семінарыі. Трэба ахоўваць добрае зерне, глядзець як яно расце і адрозніваць яго ад кепскага, ад пустазелля”, - параіў Папа.

Святы Айцец падкрэсліў, што ў клопаце аб пакліканнях важную ролю грае малітва. Трэба пільнаваць, каб зерне паклікання расло добра, заўважаць, каб пэўныя кампаніі, асобы ці сітуацыі не пагражалі яго росту. Гэта можна плённа рабіць толькі дзякуючы малітве. “Ахоўваць і маліцца! Прасіць Таго, хто пасеяў зерне дапамагчы арашаць яго, і нават калі засну, каб Ён арашаў яго”, - сказаў Францішак.

Другая парада Папы тычылася важнасці захавання адзінства ў Касцёле. Чалавечыя слабасці пагражаюць еднасці, таму трэба бараніць яе ад усялякага роду падзелаў, прычым адказнасць за гэта ляжыць на ўсіх: біскупах, святарах, кансэкраваных асобах і семінарыстах. Калі Бангладэш з’яўляецца прыкладам гармоніі паміж рэлігіямі, нажаль існуюць ворагі гармоніі ў супольнасцях, сказаў Пантыфік і звярнуў увагу на небяспеку пляткарства.

Яшчэ адна парада Святога Айца тычылася патрэбы ў радасным сведчанні. Ён заклікаў шукаць радасці нават у складаныя моманты, таму што ў пакутах важна знайсці спакой. Папа прызнаўся, што яму прыемна бачыць святароў здольных перажываць цяжкасці з радасцю. “Іх вочы неапісальныя, поўныя радасці і міру, поўныя Божага Духа”, - сказаў Пантыфік. 

Пасля сустрэчы Францішак наведаў парафіяльныя могілкі пры катэдральным касцёле. Тут ён запаліў зніч і правёў некаторы час у маўклівай малітве. Затым Папа здзейсніў візіт у старажытны касцёл Святога Ружанца, які быў пабудаваны партугальскімі місіянерамі ў 1677 г. і сёння выкарыстоўваецца ў якасці капліцы, дзе адбываецца няспынная адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнта.








All the contents on this site are copyrighted ©.