2017-12-01 15:02:00

Папа сустрэўся ў Бангладэш з прадстаўнікамі рэлігій


Аб развіцці культуры дыялогу і супрацоўніцтва ў служэнні чалавечай сям’і папрасіў Францішак падчас міжрэлігійнай і экуменічнай мірнай сустрэчы, якая прайшла 1 снежня 2017 г. у рэзідэнцыі арцыбіскупа ў сталіцы Бангладэш – Даке. Ён заклікаў да барацьбы з палітычнай карупцыяй, дэструктыўнымі рэлігійнымі ідэалогіямі, спакусай ігнаравання бедных, бежанцаў, меншасцяў і ўразлівых груп насельніцтва.

Пантыфік падзякаваў прадстаўнікам мусульман, індуістаў, будыстаў і хрысціян, а таксама грамадзянскім уладам за жаданне братэрства і міру, якое змяшчаецца ў вучэнні сусветных рэлігій. “Няхай наша сустрэча будзе відавочнай прыкметай намаганняў лідэраў і паслядоўнікаў рэлігій, прысутных у краіне, каб жыць разам ва ўзаемнай павазе і добрай волі”, - сказаў ён, і нагадаў, што ў Бангладэш права на свабоду веравызнання з’яўляецца фундаментальным прынцыпам.

Святы Айцец выказаў задавальненне, што сёння вернікі і людзі добрай волі ўсё больш і больш супрацоўнічаюць у пашырэнні культуры сустрэчы, дыялогу і супрацоўніцтва ў служэнні чалавечай сям'і. “Гэта патрабуе больш, чым проста талерантнасці”, - адзначыў ён, звяртаючы ўвагу на неабходнасць узаемнага даверу і разумення разнастайнасці не як пагрозы, а як патэнцыйнай крыніцы духоўнага ўзбагачэння і развіцця.

Затым Францішак развіў ідэю “адкрытасці сэрца”, што, паводле яго, з’яўляецца неабходнай умовай для культуры сустрэчы – гэта шлях які прыводзіць да пошуку дабра, справядлівасці і салідарнасці. Менавіта ў імя “адкрытасці сэрца” Папа заклікаў да прыязнага стаўлення да бежанцаў. “Як жа патрэбна вялікая адкрытасць, каб прыняць людзей у нашым свеце, асабліва маладых, якія часам адчуваюць сябе адзінокімі і дэзарыентаванымі ў пошуках сэнсу жыцця!” - сказаў ён і падзякаваў рэлігійным лідэрам за іх намаганні па садзейнічанні культуры сустрэчы.








All the contents on this site are copyrighted ©.