2017-11-30 17:28:00

Папа: трэба дапамагчы Бангладэш з прыёмам бежанцаў


Бангладэш, гэта маладая дзяржава, якая “заўсёды займала асаблівае месца ў сэрцах Пантыфікаў”, падкрэсліў Францішак у звароце да прадстаўнікоў дзяржаўных уладаў, грамадзянскай супольнасці азіяцкай краіны і дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага тут. Сустрэча адбылася 30 лістапада 2017 г. у Прэзідэнцкім палацы ў Даке. Ёй папярэднічала прыватная размова Пантыфіка з кіраўніком дзяржавы, Абдулам Хамідам.

“Бангладэш – гэта краіна, якая імкнецца дасягнуць моўнай і культурнай еднасці з павагай да розных традыцый і супольнасцяў, якія цякуць як струмені і вяртаюцца, каб узбагаціць вялікі паток палітычнага і грамадскага жыцця краіны”, - сказаў Францішак у сваёй прамове. Ён заўважыў, што ў сённяшнім свеце ніводная супольнасць, народ ці дзяржава не могуць жыць ці развівацца ў ізаляцыі. “У сілу таго, што з’яўляемся членамі адзінай чалавечай сям’і, мы маем патрэбу адзін у адным і залежым адно ад аднаго”, - падкрэсліў Папа. 

Па словах Пантыфіка, заснавальнікі Бангладэш марылі пабудаваць менавіта сучаснае, плюралістычнае і інклюзіўнае грамадства, у якім кожны чалавек і кожная супольнасць змогуць жыць у свабодзе, міры і бяспецы, з павагай да натуральнай годнасці і роўнасці правоў усіх. Для вернасці гэтым ідэалам, важна вырашаць праблемы праз дыялог і паважаць законныя адметнасці, якія існуюць у народзе, адзначыў ён.

Францішак заўважыў, што на працягу апошніх месяцаў “дух шчодрасці і салідарнасці, які характарызуе бангладэшскае грамадства, вельмі яскарава праявіўся ў гуманітарным парыве на карысць бежанцаў, якія масава прыбылі з штата Ракхайн”. Па словах Папы, нельга ігнараваць цяжкасць сітуацыі, чалавечыя пакуты і жудасныя ўмовы жыцця, у якіх апынулая такая вялікая колькасць людзей, многія з якіх – жанчыны і дзеці. 

“Неабходна, каб міжнародная супольнасць прыняла эфектыўныя меры ў адносінах да гэтага цяжкога крызісу, не толькі працуючы, каб вырашыць палітычныя пытанні, якія прывялі да масавага перамяшчэння людзей, але таксама аказваючы неадкладную матэрыяльную дапамогу Бангладэш у яго намаганнях адказаць на тэрміновыя чалавечыя патрэбы”, - сказаў Папа. 

Святы Айцец адзначыў, што Бангладэш славуты гармоніяй, якая заўсёды існавала паміж вызнаўцамі розных рэлігій. Гэта атмасфера ўзаемнай павагі і міжрэлігійнага дыялогу дазваляе вернікам свабодна выражаць свае самыя глыбокія перакананні адносна значэння і мэты жыцця і дапамагае ім распаўсюджваць духоўныя каштоўнасці, якія знаходзяцца ў фундаменце справядлівага і мірнага грамадства. Гэта сведчанне, па словах Папы, асабліва важна ў свеце, дзе рэлігія, часта і ганебна, выкарыстоўваецца для стварэння падзелаў.

Францішак заўважыў, што нешматлікая каталіцкая супольнасць Бангладэш жадае граць канструктыўную ролю ў развіцці краіны, асабліва праз сваю сістэму школ і медыцынскіх устаноў. “Я ўпэўнены, што згодна з літарай і духам Канстытуцыі дзяржавы каталіцкая супольнасць працягне карыстацца свабодай, каб далей развіваць гэтыя добрыя ініцыятывы як выраз сваёй адказнасці за супольнае дабро”, - сказаў Святы Айцец, звяртаючыся да палітычнага істэблішменту.








All the contents on this site are copyrighted ©.