2017-11-28 12:07:00

Пантыфік атрымаў пастарал ад католікаў з поўначы М’янмы


Падчас візіту ў М’янму Францішак будзе выкарыстоўваць драўляны пастарал, які зрабілі і падарылі яму каталіцкія бежанцы з рэгіёну Качын, у паўночнай частцы краіны. Тут на працягу многіх дзесяцігоддзяў адбываюцца ўзброеныя сутыкненні паміж урадавымі войскамі і атрадамі сепаратыстаў. 

Зроблены для Папы пастарал з’яўляецца выразам жадання міру, якое мае насельніцтва рэгіёну. Адначасова ён будзе сімвалічным знакам прысутнасці качынаў на папскай св. Імшы ў Янгоне, якая пройдзе 29 лістапада. Паўночная частка М’янмы з’яўляецца бедным рэгіёнам і для многіх мясцовых вернікаў наведаць Эўхарыстыю з Пантыфікам будзе праблематычна. Тым не менш, у літургіі прыме ўдзел каля 5 тыс. выхадцаў з Поўначы, пераважна маладых людзей.  

Ваенныя сутыкненні паміж качынамі і ўрадавымі войскамі працягваюцца з 1965 г. і з’яўляюцца адным з шматлікіх этнічных канфліктаў у М’янме – краіне, якую насяляе каля 130 меншасцяў. Заключанае ў 2010 г. перамір’е было парушана праз пяць гадоў і вымусіла сотні тысяч жыхароў рэгіёну пакінуць родную зямлю і шукаць ратунку ў лагерах бежанцаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.