2017-11-28 12:17:00

Быць ці не быць? Пытанне пра аднаўленне Касцёла св. Антонія


Будаваць нельга спыніць! Дзе паставіць коску, абмяркоўваюць эксперты і касцёльная грамадскасць. Гаворка ідзе пра аднаўленне ў Віцебску знішчаннага ў 1961 г. касцёла св. Антонія. 

Міністэрства культуры прыхільна паставілася да ідэі аднаўлення “на месцы гістарычнага размяшчэння касцёла”. Калі аднаўляць храм на дакладным гістарычным месцы, то вежы касцёла апынуцца на праезнай частцы вуліцы. Таму плануецца крыху зрушыць будынак па восі. 

І тут узнікаюць пытанні. Старшыня Беларускага дабраахвотнага таварыства аховы помнікаў сцвярджае, што аднаўленне касцёла не на падмурку, а са змяшчэннем парушае міжнародныя методыкі і прынцыпы, закладзеныя ў нацыянальных нарматыўна-прававых актах і тэхнічных нарматыўных дакументах. 

Пробашч парафіі св. Антонія ў Віцебску займае іншую пазіцыю. Па-першае, канчатковы праект будзе распрацаваны пасля правядзення археалагічных работ, тады і будзе дакладна вядома, стане храм на сваё ранейшае месца ці не. Па-другое, у сусветнай практыцы былі выпадкі, калі храмы аднаўлялі не на першапачатковым месцы. Па-трэцяе, калі пытанне стаіць “будаваць ці не будаваць”, вернікі абіраюць першы варыянт. 

Вядомы беларускі мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі разумее і той, і іншы бок. Ён пагадзіўся пракаментаваць сітуацыю для Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё. Так, будаванне знішчаных да падмуркаў гістарычных аб’ектаў сёння ў Беларусі ідзе актыўна, працу нярэдка называюць рэстаўрацыяй ці навад аднаўленнем святыні. 

Але не трэба забывацца, што паводле той жа Венецыянскай хартыі 1964 г. – фундаментальнай крыніцы прававых нормаў у галіне аховы помнікаў – пры рэстаўрацыі элементы, прызначаныя для замены фрагмэнтаў павінны адрознівацца ад сапраўдных, каб рэстаўрацыя помніка не фальсіфікавала гістарычную і мастацкую дакумэнтальнасць помніка. Адпаведна гэтаму ж дакументу: калі традыцыйнае атачэнне існуе, яго нельга парушаць. Усялякае новае будаўніцтва, разбурэнне і пераробкі, што маглі б змяніць узаемасувязь аб’ёмаў і каляровую гаму – недапушчальныя. Бачна, што згодна з сусветнымі нормамі, а яны дзейнічаюць і ў Беларусі, аднаўленне дзеля аднаўлення не адпавядае звышмэтам: захаванню сапраўднасці і аўтэнтычнасці помніка. 

Але як паставіць храм на ранейшы падмурак, калі ён ужо глыбока пахаваны пад транспартнай магістраллю? “Варта зазначыць, што спроба “аднавіць” касцёл св. Антонія па існуючым праекце – парушае плойму міжнародных праўных дакументаў. Пры тым ёсць прыклады, калі зруйнаваныя ў Беларусі шэдэўры былі адбудаваныя… у Польшчы! Касьцёл святых Пятра і Паўла, што быў у Беразвеччы, што ля Глыбокага, быў адноўлены ў Беластоку, а драўляная сінагога з Воўпы была адбудаванвая ў мястэчку Білограй. То бок – можна адбудоўваць копіі, нават павялічваць іх, але: не выдаваць за аўтэнтычны помнік; не знішчаць рэшты аўтэнтычных канструкцыяў на археалагічных пластах, што яшчэ можна вывучаць, захоўваць і экспанаваць; не мяняць складзеную гістарычную планіроўку, бо прапануецца змяніць вось сіметрыі касцёла, а зважаючына на ягоны маштаб, ансабль вакол Ратушы ў Віцебску будзе моцна скажоны. Нішто не замінае паствіць копію колішяга касцёла бэрнардынаў у цалкам новым месцы, маляўнічым, з выгяладам на раку…”, - агучыў адну з прапаноў Харэўскі.

Але ёсць і другі бок справы, звярнуў увагу беларускі мастацтвазнаўца. “Хіба гістарычны цэнтр Мінска адпавядае мэтадалагічным, прынятым у свеце міжнародным нарматывам? Наогул, што мы маем у цэнтрах большасці гістарычных беларускіх гарадоў і мястэчак? Проста пусткі! Зазвычай яшчэ і панявечаныя пачварнымі савецкімі спарудамі! Калі быць паслядоўнымі, то найперш варта вычысціць наш краявід ад саветчыны! Ці рэальна гэта? – пытаюся я ў Вас! Не! Значыць, мы мусім ствараць свой, цалкам новы краявід. Нагадаю тут гісторыю з “Катоўкай”. Стала лепей? Пэўна ж, што не! І ад новага хрысціянскага храма ў гістарычным цэнтры Віцебск толкі папрыгажэе! А перадусім, зноў загучаць малітвы ў намоленным месцы: колішнім касцёле св. Антонія. Так, гэта ўжо не тая самая святыня, так, можа быць нават не на дакладна тым месцы! Але такі наш беларускі лёс! Жаданне і воля людзей мусяць быць вышэйшымі за запыленыя старонкі нарматываў”, - сказаў у інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё мастацтвазаўца. 

Касцёл св. Антонія Падуанскага быў пабудаваны ў Віцебску яшчэ ў XVII ст., і першапачаткова будынак быў драўляным. У 1786 г. на Рынкавай плошчы з’явілася новая каменная пабудова як частка бернардынскага кляштару. У такім выглядзе ён прастаяў амаль два стагоддзі. Унікальнасць аб’екта па праекце італьянскага архітэктара Джузэпэ Фантана ў тым, што ён належаў адразу да двух стыляў: знешне – барока, унутры – рэнесанс. 

Калі і на якім месцы з’явіцца храм – цяжка пакуль сказаць. Але ці гэта сёння першаснае пытанне? Адносіны да святынь дэманструюць стан духоўнага жыцця грамадства. Несумненна, жаданне мець каталіцкі храм у належным яму месцы – гэта яшчэ адзін доказ таго, што Бог сёння патрэбны людзям. А аднаўленне некалі знішчанага касцёла можна разглядаць не толькі з перспектывы міжнароднага або мясцовага заканадаўства, але і як пакаянне за злачынства, якое адбылося больш за 50 гадоў таму.








All the contents on this site are copyrighted ©.