2017-11-27 15:15:00

Францішак у чарговы раз скарыстаўся паслугамі “Alitalia”


Кіраўніцтва італьянскай авіякампаніі “Alitalia”, якая сутыкаецца з сур’ёзнымі фінансавымі праблемамі, сустрэлася з Францішкам. Два камісары італьянскага авіяперавозчыка, Луіджы Губітозі і Энрыка Лагі, правялі кароткую размову з Папам перад яго ад’ездам з Рыма ў М’янму і Бангладэш, паведамілі ў авіякампаніі.

“Alitalia”, паслугамі якой ужо дзесяцігоддзі карыстаюцца Пантыфікі, заявіла аб банкруцтве і, верагодна, будзе выстаўлена на продаж. У цяперашні час яна дзейнічае дзякуючы дзяржаўнаму крэдыту ў 600 млн еўра. Па дадзеных італьянскіх СМІ, на наступным тыдні пройдуць уступныя размовы адносна продажу “Alitalia” фонду “Cerberus” з ЗША. Таксама заяўку падала нямецкая “Lufthansa”.

Экіпаж палёту Папы ў М’янму ўзначаліў кіраўнік пілотаў “Alitalia”, 56-гадовы Альберта Колаці. Францішак падарожнічаў на борце A330 Airbus, названага ў гонар італьянскага мастака Джота, на той жа машыне, якую выкарыстоўваў у 2015 г. падчас візіту ў Шры-Ланку і Кенію. Раней лайнер перавозіў Бэнэдыкта XVI у Камерун і Анголу – ў 2009 г., і ў Бенін – у 2011 г.

Традыцыя арганізацыі чартэрных рэйсаў для Святога Пасаду была закладзена ў 1964 г., калі Павел VI, першым з Пантыфікаў, адправіўся ў замежнае падарожжа. Папскі рэйс у М’янму стаў 167-ым.








All the contents on this site are copyrighted ©.