2017-11-27 10:23:00

Святы Айцец пачаў візіт у М’янму


Францішак прыбыў у М’янму. Раніцай 27 лістапада 2017 г. самалёт італьянскай авіякампаніі “Alitalia” з Пантыфікам на борце прызямліўся ў міжнародным аэрапорце Янгона. Тут Святога Айца сустракалі прадстаўнікі мясцовых дзяржаўных і касцёльных уладаў, дэлегаты ад шматлікіх народнасцяў, якія пражываюць у М’ямне, і сотні дзяцей, апранутыя ў традыцыйныя строі. 

Пасля прывітання Папа накіраваўся ў сядзібу арцыбіскупа Янгона, якая стане яго часовай рэзідэнцыяй падчас візіту ў М’янму. Ён правядзе тут бліжэйшы дзень, адпачываючы ад больш чым дзесяцігадзіннага пералёту. Вечарам Папа будзе прыватна цэлебраваць св. Імшу ў капліцы палаца.

Афіцыйная частка візіта пачнецца 28 лістапада. Раніцай, самалётам мясцовых авіяліній, Пантыфік адправіцца ў сталіцу краіны, горад Найп’іда. Пасля афіцыйнай прывітальнай цырымоніі ён накіруецца ў Прэзідэнцкі палац на ўрачысты прыём у кіраўніка краіны. Затым Папа сустрэнецца з прэм’ерам і міністрам замежных спраў, пасля чаго, у Міжнародным кангрэс-цэнтры – з прадстаўнікамі органаў улады, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпусу. Вечарам Святы Айцец вернецца ў Янгон.

Візіт у М’янму з’яўляецца першай часткай “азіяцкага” падарожжа Францішка. Ён прабудзе ў краіне да 30 лістапада, пасля чаго накіруецца ў Бангладэш. Пілігрымка завершыцца 2 снежня. Гаворка ідзе пра 21-е замежнае падарожжа Папы і трэцяе ў Азію.








All the contents on this site are copyrighted ©.