2017-11-26 12:22:00

Пантыфік заклікаў маліцца за яго падарожжа ў Азію


Францішак заклікаў вернікаў маліцца за яго падарожжа ў Азію. Адмысловы зварот ён скіраваў 26 лістапада 2017 г., падчас малітвы “Анёл Панскі” на плошчы св. Пятра ў Ватыкане. “Сёння вечарам я пачну Апостальскае падарожжа ў М’янму і Бангладэш. Прашу вас суправаджаць мяне малітвай, каб мая прысутнасць стала для гэтых народаў знакам блізкасці і надзеі”, - сказаў Пантыфік. 

Вечарам 25 лістапада Святы Айцец здзейніў прыватны візіт у рымскую базыліку Санта-Марыя-Маджорэ, каб даручыць сваю “азіяцкую” пілігрымку апецы Панны Марыі. У базыліцы ён прайшоў у капліцу св. Паўла і ўкленчыў перад старажытным абразом Маці Божай Апякункі рымскага народа. На малітве Папа правёў некалькі хвілін, пасля чаго вярнуўся ў Ватыкан.

Францішак адправіцца ў падарожжа 26 лістапада вечарам. У 21.40 па рымскім часе самалётам італьянскай авіякампаніі “Alitalia” ён выляціць з аэрапорта “Fiumicino” у напрамку буйнейшага горада М’янмы, Янгона. 

Палёт будзе працягвацца больш за дзесяць гадзін. Самалёт з Пантыфікам на борце праляціць 8584 кіламетры над тэрыторыяй Італіі, Харватыі, Босніі і Герцагавіны, Сербіі, Чарнагорыі, Балгарыі, Турцыі, Грузіі, Азербайджана, Туркменістана, Афганістана, Пакістана, Індыі і М’янмы. Прылёт у Янгон чакаецца ў 13.30 па мясцовым часе. 

У М’янме Святы Айцец прабудзе да 30 лістапада. Затым, да 2 снежня, ён будзе знаходзіцца ў Бангладэш. Пілігрымка стане 21-м міжнародным падарожжам папы Францішка і трэцім ў Азію. Раней у гэтай частцы свету Пантыфік наведваў Паўднёвую Карэю, у 2014 г., а таксама Шры-Ланку і Філіпіны, у 2015 г. 








All the contents on this site are copyrighted ©.