2017-11-24 09:14:00

Святы Айцец узначаліў малітву за краіны Афрыкі


“Як шмат крывадушнасці ў замоўчванні ці адмаўленні забойстваў жанчын і дзяцей”, - заўважыў Францішак падчас малітвы за мір у Паўднёвым Судане і Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, краінах, дзе, паводле яго слоў, “вайна дэманструе сваё самае жудаснае аблічча”. Чуванне адбылося вечарам 23 лістапада 2017 г. пры алтары за Канфесіяй св. Пятра ў ватыканскай базыліцы. 

Прысутныя на ім разважалі над урыўкамі з Евангелля і маліліся за жанчын, якія сталі ахвярамі гвалту на ахопленых вайной тэрыторыях, за хрысціян, якія падвяргаюцца пераследу, за пакінутых старых, за дзяцей, што засталіся без бацькоў або сталі ахвярамі гандлю людзьмі. Узносіліся малітвы за памерлых, пакутуючых ад голаду, маргіналізаваных жыхароў спакутаванай афрыканскай зямлі, малітвы за тых, хто распальвае войны, каб маглі пакаяцца і пачаць працаваць на карысць супольнага дабра. Паміж чытаннямі і малітвамі гучалі спевы на мове суахілі, якія выконваліся пад акампанемент традыцыйных афрыканскіх музычных інструментаў.

Затым Францішак узяў слова, каб скіраваць сваю асабістую малітву. Падчас яе Папа звярнуўся да палітыкаў і ўсіх, хто мае адказнасць на міжнародным і мясцовым узроўні з заклікам пакласці канец насіллю ў свеце. “Няхай Пан умацуе ў кіраўніках высакародны, сумленны, рашучы і мужны дух, дзеля пошуку міра праз дыялог і перамовы”, - сказаў ён.

Святы Айцец маліўся, каб “Пан разбурыў муры варожасці, якія сёння раздзяляюць братоў, асабліва ў Паўночным Судане і Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга”, каб “дапамог жанчынам, якія сталі ахвярамі насілля ў зонах вайны і ва ўсім свеце”, каб “збавіў дзяцей, якія пакутуюць па прычыне канфліктаў”, у якіх “крадуць дзяцінства, а часам і жыццё”.

Францішак нагадаў, што планаваў наведаць Паўночны Судан, але па прычыне неспакойнай сітуацыі ў гэтай краіне візіт не адбыўся. Ён заўважыў, аднак, што малітва важней чым яго прысутнасць. “Сёння вечарам, праз малітву мы жадаем кінуць зерні міру на зямлю Паўночнага Судана і Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, і ў кожную іншую зямлю, параненую вайной”, - сказаў ён.

Па словах Святога Айца, мір – магчымы, таму што Хрыстус уваскрос і “на крыжы ўзяў на сябе ўсё зло свету, уключаючы грахі, што выклікаюць і распальваюць войны: пыху, сквапнасць, прагу ўлады, ману. Езус перамог усё гэта сваім уваскрасеннем і кажа сваім сябрам: спакой вам. Ён паўтарае гэта таксама і нам сёння вечарам: спакой вам”, - падкрэсліў Францішак.

Папа маліўся за людзей, якія змагаюцца са злом з дапамогай дабра, жэстаў і словаў братэрства, сустрэчы і салідарнасці. “Няхай Пан дазволіць усім нам быць будаўнікамі міру, у месцах, у якіх мы знаходзімся: у сям’і, школе, на працы, у грамадстве і іншых асяроддзях, абмываючы ногі адзін аднаму”.

Малітоўнае чуванне завяршылася малітвай св. Францішка аб міры, пасля якой, Пантыфік благаславіў дзве фігуркі Найсвяцейшай Панны Марыі, якія будуць дастаўлены ў Паўночны Судан і Дэмакратычную Рэспубліку Конга ў якасці знаку братэрства і гатоўнасці разам будаваць мір з дапамогай Маці Божай. 








All the contents on this site are copyrighted ©.