2017-11-23 12:13:00

У Ватыкане прадставілі дэталі “азіяцкага” падарожжа Папы


“Больш прыгода, чым падарожжа”, – так кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы ахарактарызаваў пілігрымку Францішка ў М’янму і Бангладэш, якая пройдзе з 26 лістапада па 2 снежня 2017 г. Яе прэзентацыя адбылася 22 лістапада ў Ватыкане. Некалькі тыдняў таму Святы Пасад апублікаваў афіцыйную праграму гэтага візіту.

Паводле Грэга Бёрка, падарожжа Папы ў Азію не будзе лёгкім. Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы ўзгадаў аб існаванні некаторых праблем лагістычнага і камунікацыйнага характара. Напрыклад, не будзе весціся прамая трансляцыя з шэрагу падзей з удзелам Святога Айца. 

Адной з далікатных тэмаў візіту ў М’янму будзе сітуацыя мусульманскай меншасці рахінья. На працягу дзясяцігоддзяў яе прадстаўнікі падвяргаюцца дыскрымінацыі і пераследу. Новы этап ганенняў пачаўся некалькі месяцаў таму. У сувязі з гэтым, 30 лістапада адбудзецца прыватная сустрэча Папы з камандуючым м’янманскай арміяй, генералам Мінам Аунгам Хлайнам.

Сітуацыя ў М’янме вельмі напружаная. Мясцовы епіскапат звярнуў увагу Папы на тое, што сама ўзгадка аб народзе рахінья можа парушыць крохкую раўнавагу ў грамадстве. “Святы Айцец вельмі сур’ёзна ставіцца да парадаў, але ўбачым, што ён вырашыць зрабіць”, - пракаментаў сітуацыю кіраўнік Залы Друку.

Тым не менш, група бежанцаў-рахінья прыме ўдзел у міжрэлігійнай і экуменічнай малітве ў інтэнцыі міру, якая пройдзе 1 снежня ў сталіцы Бангладэш, горадзе Дака. У гэтай краіне на працягу апошніх месяцаў знайшлі прытулак каля 620 тыс. рахінья.

Бёрк заўважыў, што падарожжа Папы ў М’янму і Бангладэш стане сведчаннем увагі Касцёла да “перыферый”, як эканамічных, так і каталіцкіх. Цэнтральнымі тэмамі візіту будзе прымірэнне, прабачэнне і супакой. Францішак завершыць наведванне абедзьвюх краін сустрэчамі з моладдзю, на знак “надзеі Касцёла адносна новых пакаленняў у будаванні будучыні”, звярнуў увагу кіраўнік Залы Друку Святога Пасаду.








All the contents on this site are copyrighted ©.