2017-11-22 12:49:00

Святы Пасад і Кітай: дыпламатыя мастацтва


У мэтах паглыблення адносінаў Каталіцкага Касцёла з Кітаем, Святы Пасад паставіў на “дыпламатыю мастацтва”. Такім чынам, дырэктар Ватыканскіх музеяў Барбара Ята акрэсліла намер ватыканска-кітайскай выставы, якая з вясны 2018 г. будзе дзейнічаць у Ватыкане і ў Пекіне. У рамках праекту пад назвай “La Bellezza ci unisce” (Прыгажосць нас аб’ядноўвае) будуць выстаўлены творы мастацтва з Кітая і Еўропы, а яго ініцыятарамі выступілі Ватыканскія музеі і Кітайскі культурна-прамысловы інвестыцыйны фонд.

Яго генеральны сакратар Джанчэнг Зу апісаў праект як “вельмі важны для падтрымкі ўзаемаадносін і ўмацавання даверу з абодвух бакоў”. Культурны абмен папярэднічае абмену дыпламатычнаму, заўважыў ён.

Выставы пад назвай “Anima Mundi” (Душа свету) і “La Bellezza ci unisce” ўключаць у сябе мноства работ з музеяў Ватыкана і Кітая. Сярод іх 12 твораў кітайскага мастака Чжан Яна. Два з іх кітайскі фонд падарыў у маі Францішку. Дакладныя даты выстаў у Ватыкане і Пекіне пакуль не вядомыя. Кітайская частка будзе таксама паказана у іншых гарадах Паднябеснай.

Культурна-прамысловы інвестыцыйны фонд – гэта ўстанова, створаная кітайскім урадам. Яго мэта – культурна-эканамічнае супрацоўніцтва і распаўсюджванне ведаў аб кітайскай культуры за мяжой.

Традыцыйна адносіны паміж Святым Пасадам і Кітаем няпростыя. Напрыклад, Пекін па-ранейшаму лічыць папскія прызначэнні біскупаў умяшальніцтвам ва ўнутраныя справы краіны, а свабода веравызнання гарантуецца тут толькі ў малой ступені.








All the contents on this site are copyrighted ©.