2017-11-20 13:37:00

Папа смуткуе з прычыны смерці італьянскага кардынала


Памерлы 20 лістапада 2017 г. італьянскі кардынал Андрэа Кардэра Ланца дзі Монтэдзэмала выклікае ў душы Францішка “пачуццё шчырага захаплення паважаным чалавекам Касцёла, які жыў з вернасцю ў сваім доўгім і плённым святарстве і біскупстве, служачы Евангеллю і Святому Пасаду”. У гэтым Папа прызнаўся ў сваёй спачувальнай тэлеграме. 

Ён узгадаў, што спачылы, служачы ў ватыканскай дыпламатыі, працаваў у розных краінах, у тым ліку: ў Папуа-Новай Гвінеі, Нікарагуа, Гандурасе, Уругваі, Ізраілі, Італіі; а ў якасці архіпрэзбітэра папскай базылікі св. Паўла за Мурамі, даў сведчанне інтэнсіўнага і кампетэнтнага служэння з душпастырскага і культурна-мастацкай пункту гледжання. 

Францішак запэўніў у сваёй малітве за памерлага і ўдзяліў апостальскае благаслаўленне ўсім, хто падзяляе смутак у сувязі са смерцю “руплівага пастыра”.

Іерарх памёр ва ўзросце 92 гадоў у Рыме. Ён паходзіў з вядомай арыстакратычнай сям’і з П’емонта. Як выдатны геральдыст быў аўтарам папскага гербу Бэнэдыкта XVI, які ў 2006 г. узвёў яго ў кардынальскую годнасць.

Пасля смерці кардынала Ланца дзі Монтэдзэмала ў склад Калегіі кардыналаў уваходзяць 217 іерархаў, 120 з якіх маладзейшыя за 80 гадоў і маюць права голасу на магчымым канклаве.








All the contents on this site are copyrighted ©.