2017-11-18 14:02:00

Францішак: не ўсё тэхнічна магчымае, маральна прымальнае


Медыцына і генетыка дазваляюць нам зазірнуць у самыя інтымныя структуры чалавечай істоты і нават ўмяшацца, каб змяніць яе; дазваляюць выкараніць хваробы, якія лічыліся невылечнымі да нядаўняга часу, але і адкрываюць магчымасць “праграмавання” ў людзях вызначаных якасцяў. Гэта заўважыў Францішак 18 лістапада 2017 г. падчас сустрэчы з удзельнікамі пленарнага пасяджэння Папскай рады па культуры, спасылаючыся на тэмы форуму.

Сучасная неўралогія здабывае ўсё больш інфармацыі пра функцыянаванне чалавечага мозгу, а асноўныя рэаліі хрысціянскай антрапалогіі як душа, самасвядомасць, свабода зараз усур’ёз ставяцца пад сумнеў, дадаў Пантыфік. Паводле яго, неверагодны прагрэс аўтаномных машын і штучнага інтэлекту прымушаюць да разважання аб тым, што такое чалавек і, што адрознівае нас ад машын. Некаторыя лічаць, што мы знаходзімся на ўнікальным этапе гісторыі чалавецтва, на світанку новай эры і нараджэння новага чалавека.

Менавіта па гэтай прычыне Касцёл, які ўважліва сочыць за радасцямі і надзеямі, трывогамі і страхамі чалавецтва, хоча паставіць чалавечую асобу ў цэнтр сваёй рэфлексіі. 

“Чым ёсць чалавек, што Ты пра яго памятаеш?” (Пс 8,5) - гэтае пытанне знаходзіцца на першых старонках Бібліі. Свабода чалавека, паводле біблійнай канцэпцыі, выяўляецца ў аўтаноміі і маральным выбары. Гэта фундаментальная сістэма ніколі не згубіць сваёй актуальнасці, хоць сёння асноўныя прынцыпы і паняцці антрапалогіі часта ставяцца пад сумнеў, сказаў Папа.

Як рэагаваць на выклікі, якія ставіць перад Касцёлам сённяшняя навука? – задаўся пытаннем Францішак. На яго думку, па-першае, выказаць падзяку навукоўцам за іх намаганні, бо навука і тэхналогіі дапамаглі нам паглыбіць межы пазнання прыроды, і, у прыватнасці, чалавечай істоты. Але гэтага не дастаткова, каб даць адказы на ўсе пытанні. І тут трэба чэрпаць з скарбаў мудрасці рэлігійных традыцый, літаратуры і мастацтва, якія пранікаюць глыбока ў таямніцу чалавечага быцця.

Пантыфік заклікаў не забывацца пра ўніверсальнае прызначэнне тавараў, што таксама адносіцца і да ведаў і тэхналогій. Навукова-тэхнічны прагрэс павінен служыць на карысць усяго чалавецтва, а не толькі некаторых яго прадстаўнікоў. На асноўныя рашэнні па кірунку навуковых даследаванняў і інвестыцый павінны ўплываць уся супольнасць, яны не могуць быць прадыктаваны выключна правіламі рынку або інтарэсамі нешматлікіх.

Нарэшце, застаецца ў сіле прынцып: не ўсё, што тэхнічна магчымае і здзяйсняльнае, этычна прымальнае, нагадаў Папа. Навука, як і любы іншы від чалавечай дзейнасці, павінна ўсведамляць свае межы, што вынікае з пачуцця маральнай адказнасці. Праўдзівай мерай прагрэсу з’яўляецца карысць кожнага чалавека і ўсяго чалавека, нагадаў Францішак выказванне свайго папярэдніка Паўла VI.








All the contents on this site are copyrighted ©.