2017-11-18 14:56:00

Ватыкан: цырымонія ўручэння “Прэміі Ратцынгера”


“Ёзэф Ратцынгер працягвае заставацца настаўнікам і сябрам-суразмоўцам для ўсіх тых, хто выкарыстоўвае дар розуму, каб адказаць на пакліканне чалавецтва да пошуку праўды”, – сказаў папа Францішак 18 лістапада 2017 г. лаўрэатам і гасцям цырымоніі ўручэння “Прэміі Ратцынгера”, якая адбылася ў Клементыйскай зале ватыканскага Апостальскага палаца.

Ён запрасіў “Ватыканскі Фонд Ёзэфа Ратцынгера – Бэнэдыкта XVI” не спыняцца на тэалагічным і культурным даследаванні прац свайго папярэдніка, але вывучаць новыя вобласці, дзе сучасная культура заахвочвае веру да дыялогу. “Душа чалавека заўсёды мае тэрміновую і жыццёва неабходную патрэбу ў такім дыялогу: яго патрабуе вера, якая фармалізуецца, калі не ўвасабляецца ў часе; яго патрабуе розум, які робіцца жорсткім, калі не ўзвышаецца да вечнасці”, - падкрэсліў Пантыфік.

Папа выказаў радасць з прычыны таго, што трое лаўрэатаў Прэміі гэтага года прадстаўляюць тры розных хрысціянскіх канфесіі – каталіцтва, праваслаўе і лютэранства, і ў сувязі з гэтым падкрэсліў, што “праўда Езуса Хрыста – гэта не сола, але сімфонія: патрабуе пакорлівага супрацоўніцтва, узгодненай супрацы. Яе пошук, вывучэнне, сузіранне і сумесная, у духу любові, рэалізацыя на практыцы з моцай вядзе нас да поўнага саюзу: так, праўда становіцца жывой крыніцай усё больш цесных повязяў любові”.

Святы Айцец падтрымаў ідэю “расшырэння гарызонтаў Прэміі” і ўключэння ў яе, побач з тэалогіяй і звязанымі з ёй навукамі, сферы мастацтва. На думку Францішка, “гэта расшырэнне цалкам адпавядае светапогляду Бэнэдыкта XVI”, які не раз казаў пра прыгажосць як шлях да сустрэчы з Богам.

Пантыфік пажадаў супрацоўнікам “Ватыканскага Фонда Ёзэфа Ратцынгера – Бэнэдыкта XVI” працягваць пошукі і пазнанне праўды, якая, як казаў папа на пенсіі, з’яўляецца адначасова “мудрасцю і любоўю, увасобленымі ў Езусе Хрысце”.

Прэміі сёлета ўручылі: нямецкаму лютэранскаму тэолагу Тэадору Дзітэру, які адыграў значную ролю ў рэдакцыі і зацвярджэнні каталіцка-лютэранскай “Сумеснай дэкларацыі аб дактрыне апраўдання”; нямецкаму каталіцкаму святару і тэолагу Карлу-Хайнцу Менке, вядомаму эксперту ў вучэнні Ёзэфа Ратцынгера; а таксама эстонцу Арво Пярту, праваслаўнаму кампазітару.








All the contents on this site are copyrighted ©.