2017-11-14 13:08:00

Апублікавана афіцыйная праграма візіту Папы ў Чылі і Перу


Афіцыйная праграма Апостальскага падарожжа папы Францішка ў Чылі і Перу была прадстаўлена 14 лістапада 2017 г. Залай Друку Апостальскай Сталіцы. Святы Айцец наведае гэтыя дзве лацінаамерыканскія краіны 15-22 студзеня 2018 г. Падчас пілігрымкі ён будзе цэлебраваць тры св. Імшы з вернікамі, памоліцца ў некалькіх санктуарыях, правядзе шматлікія сустрэчы з палітыкамі, духавенствам, вернікамі і людзьмі, якія патрабуюць увагі і падтрымкі.

Пантыфік прыбудзе ў чылійскую сталіцу, горад Сант’яга, вечарам 15 студзеня. Раніцай наступнага дня ён сустрэнецца з прадстаўнікамі ўладаў, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса. Запланаваны таксама яго візіт да кіраўніка дзяржавы і св. Імша ў сталічным парку імя Бернарда О’Хігінса.

У другой палове дня Францішак наведае жаночы пэнітэнцыярны цэнтр, пасля чаго, у катэдральным касцёле Сант’яга, звернецца да чылійскага духавенства, кансэкраваных асоб і семінарыстаў. Вечарам адбудзецца яго сустрэча з мясцовымі біскупамі. Затым ён здзейсніць прыватны візіт у санктуарый св. Альбэрта Уртада і правядзе прыватную размову з чылійскімі езуітамі.

На наступны дзень, 17 студзеня, Папа накіруецца ў горад Тэмука, дзе будзе цэлебраваць св. Імшу на тэрыторыі аэрапорта “Махікью” і паабедае разам з жыхарамі рэгіёну Араўканія ў сацыяльным цэнтры “Мадрэ-дэ-ла-Санта-Крус”. Пасля вяртання ў Сант’яга, Пантыфік сустрэнецца з моладдзю ў марыйным санктуарыі Майпу, а затым наведае Папскі чылійскі каталіцкі ўніверсітэт.  

18 студзеня Францішак узначаліць Эўхарыстыю ў кампусе “Лабіта”, у прыморскім горадзе Ікіке, на поўначы краіны, і паабедае з асобамі, якія будуць яго суправаджаць, у рэкалекцыйным цэнтры пры мясцовым санктуарыі Маці Божай Лурдскай. 

Вечарам ён пакіне Чылі і прыбудзе ў сталіцу Перу, горад Ліму. На наступны дзень, 19 студзеня, Папа сустрэнецца з уладамі краіны і накіруецца ў горад Пуэрта-Мальданада, дзе пройдуць яго сустрэчы з прадстаўнікамі карэнных народаў Амазоніі, жыхарамі горада і візіт у дзіцячы прытулак “Хогар Прынсіпіта”. Затым ён вернецца ў Ліму, дзе адбудзецца яго прыватная сустрэча з мясцовымі езуітамі.

У суботу 20 студзеня Папа ўзначаліць св. Імшу на ўзбярэжжы горада Трухільё, праедзе на папамабіле па мясцовым жылым квартале “Буэнас-Айрэс”, сустрэнецца з святарамі, кансэкраванымі асобамі і семінарыстамі Паўночнага Перу. Вечарам ён паўдзельнічае ў марыйным набажэнстве на плошчы Армас, пасля чаго вернецца ў Ліму.

На наступны дзень Святы Айцец памоліцца Літургіяй гадзін разам з кляўзуровымі законніцамі ў санктуарыі “Сеньёр-дэ-лос-Мілаграс”, наведае сталічныы катэдральны касцёл, дзе знаходзяцца рэліквіі чылійскіх святых. Затым ён узначаліць св. Імшу і малітву “Анёл Панскі” на тэрыторыі авіябазы “Лас-Пальмас”.

21 студзеня вечарам у Ліме адбудзецца развітальная цырымонія, пасля якой Папа пакіне Перу і вылеціць у Італію. Прыбыццё ў рымскі аэрапорт Чампіна запланавана на наступны дзень у 14.15. 

Гэта будзе ўжо шосты візіт Францішка ў Лацінскую Амерыку падчас яго пантыфікату.








All the contents on this site are copyrighted ©.