2017-11-10 14:55:00

Святы Айцец: мір – гэта пытанне справядлівасці


Тэкстам надзвычайнай актуальнасці назваў Францішак энцыкліку Паўла VI “Populorum Progressio” у адмысловым пасланні да ўдзельнікаў канферэнцыі, якая адбылася ў рымскай базыліцы св. Паўла за Мурамі з нагоды 50-годдзя з дня публікацыі гэтага дакумента. Форум пад назвай “Павел VI – Папа сучаснасці” прайшоў 8 лістапада 2017 г.

“Урачысты заклік да ўзгодненнай дзейнасці на карысць усебаковага развіцця чалавека і салідарнага развіцця чалавецтва, які ўтрымліваецца ў энцыкліцы, тэрмінова гучыць таксама і ў нашыя дні, калі беднасць пашыраецца, а мір у многіх частках свету штодня парушаецца”, - напісаў Святы Айцец.

Пантыфік падкрэсліў карыснасць разважанняў аб справядлівасці паміж народамі, бо, каб пабудаваць мір, “неабходна выкараніць прычыны рознагалоссяў, пачынаючы менавіта з несправядлівасці; мір паміж людзьмі, насамрэч – гэта пытанне справядлівасці”. 

Спасылаючыся на любоў Паўла VI да італьянскага народа, Францішак заўважыў, што яго велікадушнасць з’яўляецца сведчанне аб тым што “салідарнасць і блізкасць – гэта неабходныя стаўпы чалавечай супольнасці”. Толькі так магчыма “спрыяць таму аўтэнтычнаму гуманізму, які заўсёды застаецца сучасным, і які мы павінны нястомна распрацоўваць і пашыраць ва ўсе часы”.

Апостальскую Сталіцу на канферэнцыі, прысвечанай 50-годдзю энцыклікі “Populorum Progressio” прадстаўляў кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін, а таксама яго папярэднік на гэтай пасадзе, кардынал Тарчызіа Бэртонэ.








All the contents on this site are copyrighted ©.