2017-11-07 10:20:00

Святы Айцец прыняў былога генеральнага сакратара ААН


Вечарам 6 лістапада 2017 г. у Доме св. Марты папа Францішак прыняў былога генеральнага сакратара Арганізацыі Аб’яднаных Нацый Кофі Анана, якога суправаджалі члены міжнароднай няўрадавай арганізацыі “The Elders”. Пра гэта паведамілі ў Зале Друку Святога Пасаду.

Па словах палітыка, падчас размовы былі закрануты тэмы бежанцаў і міграцыі, нераспаўсюджвання ядзернай зброі, міру, пасярэдніцтва, канфліктаў, павагі да жанчын. “Для нас было важным сустрэцца, таму што мы падзяляем шмат агульных інтарэсаў і каштоўнасцяў”, - сказаў Анан.

Міжнародная няўрадавая арганізацыя “The Elders” (Старэйшыны) была заснавана Нэльсанам Мандэлай у 2007 г. і аб’ядноўвае людзей, якія займалі дзяржаўныя пасады ў мінулым. Яны называюць сябе “незалежнымі сусветнымі лідэрамі, якія працуюць разам у інтарэсах міру і правоў чалавека”.

Кофі Анан быў генеральным сакратаром ААН з 1996 г. па 2006 г. Пасля заканчэння мандату, у 2012 г. быў прызначаны спецыяльным пасланнікам Лігі арабскіх дзяржаў і ААН у Сірыі для ўрэгулявання канфлікту. У 2001 г. Арганізацыя Аб’яднаных Нацый і яе генеральны сакратар Кофі Анан былі ўдастоены Нобелеўскай прэміі міру.








All the contents on this site are copyrighted ©.