2017-11-06 12:23:00

Францішак: кожны з нас – выбраны Богам


Божыя дары і пакліканне – нязменныя, падкрэсліў Францішак 6 лістапада 2017 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі. Гамілію ён прысвяціў тэме “выбраннасці Богам”, пра якую гаворка ідзе ва ўрыўку Паслання да Рымлянаў (11, 29-36).

Пантыфік нагадаў, што на працягу гісторыі збаўлення народ атрымаў ад Бога тры дары, якія адначасова з’яўляюцца пакліканнем: “дар выбрання, абяцання і запавету”. Яны былі дадзены Абрагаму, але і кожнаму з нас, бо з цягам часу яны не змяняюцца, паколькі Бог застаецца верным назаўсёды.

“Кожны з нас – выбраны Богам. Кожны з нас носіць абяцанне, якое даў Пан: “Хадзі перад абліччам Маім і будзь беззаганны”, - нагадаў Францішак. Ён падкрэсліў, што кожны чалавек свабодны прыняць гэтыя дары ці адмовіцца ад іх. Папа запрасіў кожнага задаць сабе пытанне, як адбываецца ў яго выпадку. 

Нават калі чалавек аддаляцца ад Бога, важна, каб ён не цураўся Яго пяшчоты і клопату. Апостал Павел чатыры разы выкарыстоўвае спалучэнне слоў: “непаслухмянасць” і “міласэрнасць”. Дзе ёсць адно, там ёсць і другое – такі шлях нашага збаўлення. Непаслухмянасць чалавека і міласэрнасць Пана – гэта дынаміка нашай вандроўкі да духоўнай сталасці, лічыць Святы Айцец.

Па словах Папы, вынікам пазнання гэтай таямніцы для апостала Паўла стала адарацыя Бога: адарацыя і маўклівае праслаўленне перад “абліччам гэтай таямніцы непаслухмянасці і міласэрнасці, якая робіць нас свабоднымі” і перад абліччам “гэтай прыгажосці нязменных дароў, такіх як выбранасць, абяцанне і запавет”.

Пантыфік заклікаў вернікаў, сабраных у капліцы Дому св. Марты, паразважаць: ці перад абліччам сваіх грахоў і слабасцяў я дазваляю, каб Бог атуліў мяне сваёй міласэрнасцю, і ці здольны я праслаўляць Бога, не забываючыся ніколі, што Яго дары і пакліканне – нязменныя.








All the contents on this site are copyrighted ©.