2017-11-04 12:54:00

Папа: гісторыі мігрантаў – выклік для веры і любові вернікаў


Францішак прыняў на аўдыенцыі членаў Міжнароднай федэрацыі каталіцкіх універсітэтаў. Сустрэча прайшла 4 лістапада 2017 г. у Ватыкане на заканчэнне міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай адказнасці і ўкладу вышэйшых навучальных устаноў у вырашэнне праблемы міграцыі ў глабалізаваным свеце. Форум праходзіў 1-4 лістапада ў Папскім грыгарыянскім універсітэце ў Рыме. 

У сваёй прамове Папа нагадаў, што ўніверсітэцкая падрыхтоўка павінна спрыяць фарміраванню сацыяльнай адказнасці, дзеля будавання больш справядлівага і гуманнага свету. У сувязі з гэтым, важна шукаць вырашэння праблемы сучаснай міграцыі ў сацыяльным вучэнні Касцёла, “намагаючыся пераадолець забабоны і страхі, спалучаныя са слабым веданнем” гэтага феномену.

У навуковым вывучэнні вымушанай міграцыі, у першую чаргу, неабходна звярнуць увагу на яе “далёкія прычыны”, каб гарантаваць людзям права быць свабоднымі ад прымусу эміграваць. Важна таксама прааналізаваць сітуацыю дыскрымінацыйнай і ксенафобскай рэакцыі, якая склалася з прыняццем мігрантаў у краінах са старажытнай хрысціянскай традыцыяй, каб вызначыць “шлях фармавання сумленняў”, лічыць Папа. 

Францішак заклікаў належна ацаніць уклад мігрантаў і бежанцаў у жыццё грамадства краін, якія іх прымаюць і з якіх яны паходзяць, пачаць тэалагічную рэфлексію на тэму душпастырства гэтых асоб, разглядаючы феномен міграцыі ў якасці “знаку часу”. Гісторыі мігрантаў і бежанцаў, гэта “выклік для веры і любові вернікаў”, для іх паклікання лячыць раны ўцекачоў і перамагаць несправядлівасць, якая з’яўляецца прычынай міграцыі.

Пантыфік заклікаў каталіцкія ўніверсітэты ініцыяваць адукацыйныя праграмы для мігрантаў і бежанцаў, як дыстанцыйна – для тых хто знаходзіцца ў спецыяльных лагерах ці цэнтрах, – так і праз вылучэнне стыпендый, якія дазволяць гэтым людзям пераехаць на час вучобы. На яго думку, вышэйшыя навучальныя ўстановы з каталіцкім профілем могуць таксама садзейнічаць прызнанню навуковых тытулаў і прафесійных кампетэнцый мігрантам, што аблегчыць іх працаўладкаванне ў новых краінах. 

Каб адказаць на новыя міграцыйныя выклікі, трэба адмысловым і прафесійным чынам фарміраваць душпастырскіх работнікаў, якія будуць прысвячаць сябе дапамозе мігрантам і бежанцам, сказаў Святы Айцец. Каталіцкія ўніверсітэты, на яго думку, пакліканы выконваць ролю “крытычнага сумлення” перад абліччам розных палітычных, экананамічных і культурных форм улады і заахвочваць студэнтаў да валанцёрскай дзейнасці на карысць мігрантаў і бежанцаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.