2017-11-04 13:45:00

Пантыфік: выцерці слёзы дзяцей праз дабрачынную дзейнасць


Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане 4 лістапада 2017 г. прадстаўнікоў нямецкай кампаніі “Sixt”, якая аказвае паслугі ў сферы пракату аўтамабіляў у розных частках свету. Праз спецыяльны фонд “Drying Little Tears” (Выцерці маленькія слёзы) яна ажыццяўляе таксама шырокую дабрачынную дзейнасць на карысць дзяцей, якія знаходзяцца ў сітуацыях нястачы і беднасці.

Папа адзначыў, што падобныя ініцыятывы адкрываюць на больш шырокае разуменне жыцця, у якім важным з’яўляецца не толькі асабісты поспех і прыбытак, але імкненне па-сапраўднаму служыць супольнаму дабру, намагаючыся памножыць і зрабіць больш даступнымі для ўсіх даброты гэтага свету. 

“Вы сабраліся ў Рыме, каб сустрэцца з Наступнікам св. Пятра, для якога асабліва дарагія самыя малыя і слабыя, якімі з’яўляюцца дзеці. Выцерці іх слёзы праз канкрэтныя праекты, накіраваныя на дапамогу ім, значыць супрацьстаяць культуры адчужэння і спрыяць будаванню больш гуманнага грамадства”, - сказаў Папа.

Пантыфік заклікаў сваіх гасцей працягваць дабрачынную дзейнасць з упэўненасцю, што пяшчотнасць Бога асаблівым чынам адлюстроўвацца ў нявінных дзецях, патрабуючых ўвагі і падтрымкі. “Няхай Пан адудзячыць вам багаццем сваіх дароў”, - пажадаў Святы Айцец і, перш чым удзяліць прысутным сваё благаслаўленне, папрасіў малітоўна падтрымліваць яго служэнне Касцёлу.

Фонд “Drying Little Tears” ажыцяўляе 115 праектаў і ініцыятыў на карысць дзяцей у 40 краінах свету. У Беларусі сумесна з каталіцкай дабрачыннай арганізацыяй “Malteser International” ён дапамагае сацыяльнаму цэнтру для дзяцей з асаблівасцямі фізічнага і псіхічнага развіцця і іх сем’яў у Воранаўскім раёне.








All the contents on this site are copyrighted ©.