2017-11-02 17:43:00

Пантыфік узначаліў Эўхарыстыю на вайсковых могілках


2 лістапада 2017 г., ва Успамін усіх памерлых вернікаў, Францішак паехаў на амерыканскія вайсковыя могілкі ў Нэттуна, каб узначаліць там жалобную св. Імшу, а на зваротным шляху наведаў Ардэатынскія пячоры на ўскраіне Рыма, месца расстрэлу ў сакавіку 1944 г. 335 італьянцаў, падчас акупацыі Рыма нацыстамі.

1 лістапада 2017 г., пасля малітвы “Анёл Панскі”, Пантыфік прасіў вернікаў падтрымаць малітвай яго жалобнае падарожжа. “Прашу вас, суправаджайце мяне малітоўна на працягу гэтых двух этапаў памяці і малітвы аб вечным супакоі для ахвяр вайны і насілля. Войны не ствараюць нічога іншага, акрамя могілак і смерці. Менавіта таму я хацеў учыніць гэты жэст у момант, калі чалавецтва, здаецца, не вынесла ўрок з мінулага або не жадае вучыцца”, - сказаў Папа.

У Нэттуна, размешчаным прыкладна ў 70 км на поўдзень ад сталіцы Італіі, на ўзбярэжжы Тырэнскага мора, пахаваныя салдаты ЗША, якія загінулі ў ходзе баявых дзеянняў на Апенінскім паўвостраве: падчас высадкі ў Сіцыліі ў ліпені 1943 г. і ў Салерна і Анцыі. Там пахавана 7 тыс. чалавек, а ў могілкавай капліцы запісаны імёны 3 094 тых, хто прапаў без вестак. На 490 надмагільных плітах няма імёнаў; салдат, якія там ляжаць, не змаглі ідэнтыфікаваць. Могілкі былі закладзены ў сярэдзіне 1950-х гадоў.

У сваю чаргу, у месцы пад назвай Ардэатынскія пячоры, якія ўтварыліся пасля вымання керамічнага будаўнічага матэрыялу, СС расстраляла 24 сакавіка 1944 г. 335 чалавек. Сярод іх былі таксама яўрэі. Частку прывезлі з турмы гестапа ў Рыме, іншых, з гарадской турмы. Расстрэл стаў адказам на акцыю руху супраціву – выбух бомбы ля аддзялення нацысцкай паліцыі, у выніку якога загінулі 32 чалавек. 

Адзін з загінулых у Ардэатынскіх пячорах – палкоўнік Джузэпэ Кардэра Ланца ды Монтэдзэмала, член тайнай арганізацыі барацьбы італьянскіх узброеных сіл. Яго сын – кардынал Андрэа Ланца ды Монтэдзэмала. 

Асноўная адказнасць за экзекуцыю ляжыць на камандуючым гестапа ў Рыме палкоўніку Герберце Каплеры, якога схапілі адразу пасля вайны і прысудзілі да пажыццёвага зняволення, але з-за дрэннага стану здароўя з крэпасці Гаэта ён быў пераведзены ў ваенны шпіталь у Рыме, адкуль яму ўдалося збегчы ў 1997 г. у Германію, дзе ён і памёр праз шэсць месяцаў. Схоплены ў 1995 г. у Аргентыне, яго галоўны супрацоўнік, капітан СС Эрых Прыбкэ, які адказваў за складанне расстрэльнага спісу, таксама быў прысуджаны да пажыццёвага зняволення, якое адбываў пад хатнім арыштам у Рыме, дзе памёр у 2013 г.

Ардэатынскія пячоры наведвалі папярэднікі Францішка: Ян Павел II – 22 сакавіка 1982 г., і Бэнэдыкт XVI – 27 сакавіка 2011 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.