2017-11-01 12:41:00

Францішак: благаслаўленні – мапа хрысціянскага жыцця


Інгрэдыенты для шчаслівага жыцця называюцца благаслаўленнямі, падкрэсліў Францішак 1 лістапада 2017 г. падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі” на плошчы св. Пятра ў Ватыкане. У сваім разважанні ён нагадаў, што сапраўднае шчасце не ў валоданні чымсьці ці быцці кімсьці, але ў прабыванні ў Богу і жыцці любоўю.

“Урачыстасць Усіх Святых – гэта “наша” свята: не таму што мы добрыя, але таму што святасць Бога дакранулася да нашага жыцця, - нагадаў Папа. - Святыя – гэта не дасканалыя шаблоны, але людзі, праз якіх прайшоў Бог. Мы можам параўнаць іх з вітражамі касцёлаў, якія прапускаюць святло розных каляровых адценняў. Святыя – гэта нашы браты і сёстры, якія прынялі святло Бога ў сваё сэрца і перадалі яго свету, кожны паводле свайго “адцення”. Але ўсе яны былі празрыстымі, змагаліся, каб пазбавіцца плямаў і цемры граху, каб дазволіць прайсці лагоднаму святлу Бога. Гэта мэта жыцця: прапускаць Божае святло. Гэта мэта таксама і нашага жыцця. 

Сапраўды, сёння ў Евангеллі Езус звяртаецца да сваіх, да ўсіх нас, кажучы: “Шчаслівыя” (Мц 5,3). Гэта слова, якім пачынаецца Яго пропаведзь, якая ёсць “Евангеллем”, Добрай Навіной, бо з’яўляецца шляхам святасці. Хто прабывае з Езусам, той благаслаўлёны, той шчаслівы. Шчасце не заключаецца ў валоданні чымсьці ці быцці кімсьці. Не! Сапраўднае шчасце – гэта прабыванне з Панам і жыццё для любові. Вы верыце ў гэта? Таму інгрэдыенты для шчаслівага жыцця называюцца благаслаўленнямі: шчаслівы простыя, пакорныя, які робяць месца для Бога, якія ўмеюць плакаць па іншых і па прычыне ўласных памылак, якія застаюцца ціхімі, змагаюцца за справядлівасць, міласэрныя да ўсіх, захоўваюць сардэчную чысціню, заўсёды дзейнічаюць на карысць міру і застаюцца ў радасці, не ненавідзяць і, нават калі пакутуюць, адказваюць на зло дабром. 

Вось благаслаўленні. Яны не патрабуюць надзвычайных жэстаў, яны не для суперлюдзей, але для тых, хто перажывае штодзённыя выпрабаванні і цяжкасці. Для нас! Такія святыя: як і ўсе яны ўдыхаюць забруджанае паветра зла, што існуе ў свеце, але ў пілігрымаванні ніколі не губляюць з вачэй шляху Езуса, указанага ў благаслаўленнях, якія з’яўляюцца як бы мапай хрысціянскага жыцця. Благаслаўленні – гэта мапа хрысціянскага жыцця! Сёння свята тых, якія дасягнулі мэты, указанай на гэтай мапе: не толькі святых з календара, але шматлікіх братоў і сясцёр “з-за суседняй дзверы”, якіх мы магчыма сустракалі і ведалі. Сёння сямейнае свята, свята шматлікіх простых і незаўважных людзей, якія насамрэч дапамагаюць Богу весці свет наперад. Іх шмат сёння! Падзякуем нашым невядомым братам і сёстрам, якія дапамагаюць Богу весці свет наперад, якія жывуць сярод нас. 

Перш за ўсё – кажа першае благаслаўленне – яны “ўбогія духам” (Мц 5,3). Што гэта значыць? Гэта значыць, што яны не жывуць дзеля поспеху, улады і грошай; яны ведаюць, што той, хто збірае скарбы для сябе не багацее перад Богам (пар. Лк 12,21). Яны вераць, аднак, што Пан – гэта жыццёвы скарб, любоў да бліжняга – гэта адзіная сапраўдная крыніца багацця. Часам мы расчароўваемся, калі нам чагосьці не хапае ці турбуемся, калі нас не лічаць тымі, кім мы жадаем. Памятайма, што не ў гэтым наша шчасце, але ў Пану і любові: толькі з Ім, толькі любячы можна жыць шчасліва.

Напрыканцы хачу ўзгадаць іншае благаслаўленне, якога няма ў Евангеллях, але ёсць напрыканцы Бібліі, і якое кажа пра заканчэнне жыцця: “Шчаслівыя памерлыя, якія паміраюць у Пану” (Ап 14,13). Заўтра мы будзем пакліканы суправаджаць малітвай нашых памерлых, каб навекі радаваліся ў Пану. Памятайма з удзячнасцю пра нашых блізкіх і будзем маліцца за іх.

Маці Божая, Каралева Святых і Брама Нябесная, заступайся за наш шлях святасці і нашых блізкіх, якія апярэдзілі нас і ўжо накіраваліся да нябеснай Айчыны”.

Пасля марыйнай малітвы Францішак прывітаў прысутных на плошчы св. Пятра пілігрымаў і скіраваў да іх некалькі заклікаў адносна актуальных падзей у свеце.








All the contents on this site are copyrighted ©.