2017-11-01 13:57:00

Святы Айцец: войны ствараюць толькі могілкі і смерць


2 лістапада, ва Успамін усіх памерлых вернікаў, Пантыфік будзе маліцца за ахвяр усіх войнаў на амерыканскіх вайсковых могілках у італьянскім горадзе Нэттуна, а таксама на манументальных могілках ў Ардэятынскіх пячорах у Рыме. Аб гэтым ён нагадаў 1 лістапада 2017 г. пасля малітвы “Анёл Панскі” на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.

“Прашу вас, суправаджайце мяне малітоўна на працягу гэтых двух этапаў памяці і малітвы аб вечным супакоі за ахвяр вайны і насілля. Войны не ствараюць нічога іншага, акрамя могілак і смерці. Менавіта таму я хацеў учыніць гэты жэст у момант, калі чалавецтва, здаецца нічому не навучылася з уроку мінулага, або не жадае навучыцца”, - сказаў Папа.

На амерыканскіх вайсковых могілках у Неттуна пахаваны салдаты, якія прымалі ўдзел у італьянскай кампаніі падчас Другой сусветнай вайны. У сваю чаргу мемарыяльны комплекс у рымскіх Ардэятынскіх пячорах з’яўляецца месцам масавага забойства італьянскіх грамадзян, здзейсненага нямецкімі акупацыйнымі ўладамі ў 1944 г. Тут пахаваны 335 чалавек, якія былі растраляны ў адказ на напад, учынены ў Рыме членамі італьянскага Супраціву супраць паліцэйскага палка СС. 








All the contents on this site are copyrighted ©.