2017-10-28 18:30:00

Святы Айцец да Еўропы: цяпер не час капаць акопы


У чым наша адказнасць, калі аблічча Еўропы ўсё больш разнастайнае і плюралістычнае, з мноствам культур і рэлігій, калі для многіх хрысціянства – гэта рэч з мінулага, чужая і нязначная? – гэта пытанне паставіў Папа, сустракаючыся 28 кастрычніка 2017 г. з удзельнікамі форуму “Пераасэнсаваць Еўропу”, арганізаваную Радай Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці. 

Першы і, мабыць, самы вялікі ўклад, які хрысціяне могуць унесці ў сённяшнюю Еўропу, нагадаць ёй, што яна з’яўляецца не статыстычнай масай або наборам устаноў, але складаецца з людзей, лічыць Францішак. Сёння вырашэнне праблем часта зводзіцца да дыскусіі пра лічбы: няма грамадзян, толькі галасы на выбарах; няма мігрантаў, выключна квоты; няма рабочых, толькі эканамічныя маркеры; няма бедных, толькі парог беднасці. Канкрэтная рэальнасць чалавечай асобы, такім чынам, зводзіцца да нечага абстрактнага. А людзі – гэта асобы, яны прымушаюць да адказнасць, звярнуў увагу Папа.

Ён нагадаў, што менавіта сям’я з’яўляецца гарманічнай супольнасцю адрозненняў паміж мужчынам і жанчынай, якая рэалізуецца ў здольнасці адкрываць сябе да жыцця і да іншых. Такім чынам, заключыў Святы Айцец, чалавек і супольнасць – гэта аснова Еўропы і ўклад, які хрысціяне хочуць і могуць унесці у яе будаўніцтва. А цэгламі гэтай структуры з’яўляюцца дыялог, інтэграцыя, салідарнасць, развіццё і мір.

Дыялог, у любой форме, з’яўляецца асноўным абавязкам палітыкі. На жаль, сёння яна часта становіцца форумам для сутыкненняў паміж супрацьлеглымі сіламі. Голас дыялогу замяняецца крыкам прэтэнзій і патрабаванняў. Роля хрысціян – садзейнічаць палітычнаму дыялогу, асабліва там, дзе ён знаходзіцца пад пагрозай і дзе пераважаюць канфлікты. Паслядоўнікі Хрыста павінны разглядаць палітыку як узнёслае служэнне для агульнага дабра, а не як платформу для ўлады, лічыць Пантыфік.

Інтэграцыя не азначае негацыі адрозненняў, звярнуў увагу ён. Наадварот, супольнасць сапраўды з’яднаная, калі адрозненні цэняцца і разглядаюцца як агульная крыніца ўзбагачэння. З гэтага пункту гледжання, мігранты з’яўляюцца больш рэсурсам, чым цяжарам. Імкненне да інклюзіўнай супольнасці азначае таксама салідарнасць. Еўрапейскі саюз павінен быць у стане аднавіць пачуццё адзінай супольнасці, якая падтрымлівае і дапамагае кожнаму, і не толькі невялікім групам інтарэсаў. Еўропа, якая разглядае сябе як супольнасць, безумоўна, будзе крыніцай развіцця для сябе і для ўсяго свету, перакананы Францішак. 

Папа нагадаў, што праца з’яўляецца істотным фактарам годнасці і росту чалавека. На яго думку, было б карысна аднавіць пачуццё неабходнасці прадастаўлення пэўных магчымасцяў для працаўладкавання, асабліва для моладзі.

Хрысціяне ў Еўропе павінны працаваць на карысць міру, быць энтузіястамі культуры міру. Цяпер не час капаць акопы, замест гэтага трэба мужна рэалізаваць мару бацькоў-заснавальнікаў адзінай і гарманічнай Еўропы: адзінства і згоду, супольнасць народаў, якія жадаюць развіцця і міру, падкрэсліў Францішак.

На канферэнцыі пра будучыню Еўропы сабраліся 340 хрысціян: палітыкі, эканамісты, навукоўцы. Кожная з 28 дзяржаў-членаў ЕС накіравала ў Ватыкан сваю дэлегацыю.








All the contents on this site are copyrighted ©.