2017-10-28 13:05:00

Папа прыняў спецыялістаў па міжнародным гуманітарным праве


Святы Айцец сустрэўся 28 кастрычніка 2017 г. з удзельнікамі 3-й Канферэнцыі па міжнародным гуманітарным праве, якая праходзіла ў Рыме і была прысвечана “Абароне грамадзянскага насельніцтва ва ўмовах канфліктаў”. 

Гэтая тэма, як адзначыў Францішак, з’яўляецца асабліва важнай з нагоды 40-й гадавіны прыняцця двух Дадатковых пратаколаў да Жэнеўскіх канвенцый, якi тычыцца абароны ахвяр узброеных канфліктаў. Ён нагадаў, што Святы Пасад ратыфікаваў гэтыя два дакументы, у якіх утрымліваюцца палажэнні, што тычацца абароны грамадзянскага насельніцтва і аб’ектаў, неабходных для выжывання, павагі да медыцынскага і духоўнага персаналу, абароны культурнай і рэлігійнай спадчыны, а таксама навакольнага прыроднага асяроддзя. 

Святы Пасад, аднак, ўсведамляе хібы, якія характарызуюць асабліва Другі дадатковы пратакол, што не да канца ўлічвае характарыстыкі сучасных узброеных канфліктаў і фізічных, маральных і духоўных пакут, якія іх суправаджаюць.

Нягледзячы на станоўчыя спробы паменшыць негатыўныя наступствы ваенных дзеянняў для грамадзянскага насельніцтва шляхам кадыфікацыі гуманітарнага права, сёння працягваюць адбывацца жахлівыя злачынствы, адзначыў Папа і нагадаў, што забітыя і замучаныя ў выніку ўзброеных канфліктаў людзі застаюцца “на сумленні чалавецтва”. Старажытныя гарады, з іх векавымі культурнымі каштоўнасцямі, бальніцы і школы, якія сталі аб’ектамі наўмысных нападаў і знішчэння, пазбаўляюць цэлыя пакаленні іх правоў на жыццё, здароўе і адукацыю. Храмы і іншыя месцы культу, якія апынуліся мішэнню нападаў, часта прама падчас набажэнстваў, з вялікай колькасцю ахвяр сярод вернікаў і святароў, гэта парушэнне асноватворнага права на свабоду рэлігіі, адзначыў Пантыфік. 

У той жа час, аднак, прыемна бачыць шматлікія выпадкі дэманстрацыі салідарнасці і міласэрнасці ў ваенны час. Ёсць шмат людзей, дабрачынныя групы і няўрадавыя арганізацыі, у Касцёле і па-за ім, якія, сутыкаючыся з цяжкасцямі і небяспекамі, лечаць параненых і хворых, хаваюць памерлых, дастаўляюць ежу галодным, наведваюць зняволеных. Дапамога ахвярам канфліктаў спалучае ў сабе розныя справы міласэрнасці, па якіх мы будзем суджаны ў канцы жыцця, заўважыў Францішак. 

Няхай гуманітарныя арганізацыі заўсёды дзейнічаюць у адпаведнасці з асноватворнымі прынцыпамі гуманнасці, бесстароннасці, нейтральнасці і незалежнасці, пажадаў Святы Айцец. Ён нагадаў пра важнасць духоўнага суправаджэння камбатантаў і гуманітарных работнікаў, нароўні з іх тэхнічнай і юрыдычнай адукацыяй. 

Пантыфік падзякаваў усім, хто, ставячы пад пагрозу ўласнае жыццё, ратуе іншых або палягчае пакуты насельніцтва, пацярпелага ў выніку ўзброеных канфліктаў. Ён нагадаў словы Хрыста з Евангелля св. Мацвея: “Што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі” (25, 40).








All the contents on this site are copyrighted ©.