2017-10-28 10:57:00

Голас Святога Пасаду на канфуцыянска-хрысціянскім форуме


У сучасным дэгуманізаваным свеце, у якім “культура абыякавасці і прагнасці праглынула нашы адносіны”, існуе неабходнасць у “новай і ўсеагульнай салідарнасці і новым дыялогу для фарміравання нашай будучыні”. Да гэтага заклікаў старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу, кардынал Жан-Луі Таран, у звароце да ўдзельнікаў канфуцыянска-хрысціянскіх кансультацый, якія па ініцыятыве Сусветнай Рады Цэркваў праходзяць 27-28 кастрычніка 2017 г. у Сеуле.

Ён выказаў падзяку за “прыхільнасць умацаванню ўзаемаразумення, павагі і супрацоўніцтва паміж хрысціянамі і канфуцыянцамі”. І нагадаў, што і Езус, і Конфуцый жылі ў дні “хаоса і беспарадку”, і хоць прапанавалі “розныя шляхі да вызвалення чалавека”, “абодва спрыялі павазе, як краевугольнаму каменю міру і гармоніі ў грамадстве”.

Старшыня Папскай рады таксама нагадаў словы Францішка, сказаныя нядаўна на сустрэчы з карэйскімі рэлігійнымі лідэрамі пра дыялог, які павінен быць адкрытым, што значыць сардэчным і шчырым, і паважлівым да права на жыццё, фізічнай недатыкальнасці і асноўных свабод: сумлення, веравызнання, думак і перакананняў.

Кардынал Таран падкрэсліў, што гэта фундаментальнае стаўленне сёння адчувае “вялікія цяжкасці” ў свеце, у якім “па прычыне беднасці грамадскіх адносін людзі ўспрымаюць сябе не як братоў і сясцёр, а як чужынцаў і ворагаў”. Гэта свет, пазбаўлены гуманнасці ў выніку свайго “імкнення да прыбытку любой цаной, няшчаснай гонкі ўзбраенняў, беднасці, экалагічнага крызісу, тэрарызму і фундаменталізму”, - напісаў аўтар звароту. 

Ватыканскі іерарх адзначыў, “што гэта можа змяніцца, так як Конфуцый і Езус, а таксама іх сапраўдныя паслядоўнікі зрабілі ў ходзе чалавечай гісторыі”. Сёння “мы абавязаны адкрыць свае духоўныя скарбы, каб прынесці новую надзею ў наш свет”, - напісаў кардынал Таран да ўдзельнікаў канфуцыянска-хрысціянскіх кансультацый.








All the contents on this site are copyrighted ©.