2017-10-26 11:58:00

Святы Айцец прыняў дэлегацыю Царквы Шатландыі


Францішак прыняў на аўдыенцыі 26 кастрычніка 2017 г. дэлегацыю Царквы Шатландыі – нацыянальнай прэсвітэрыянскай рэлігійнай супольнасці, да якой адносіць сябе чвэрць жыхароў гэтай краіны. Узначаліў дэлегацыю доктар Дэрэк Браўнінг – мадэратар Генеральнай Асамблеі Царквы Шатландыі. Аўдыенцыя адбылася ў кантэксце сёлетняга ўспаміну 500-годдзя Рэфармацыі. 

“Дзякую Пану за вялікі дар таго, што мы здолелі пражыць гэты год як сапраўдныя браты, а не як ворагі, пасля шматлікіх стагоддзяў адчужэння і канфлікту. Гэта стала магчыма праз сілу Божай ласкі, дзякуючы экуменічнаму шляху, які дазволіў умацаваць узаемнае паразуменне, давер і канкрэтнае супрацоўніцтва паміж намі. Узаемнае ачышчэнне памяці – гэта адзін з самых значных плёнаў гэтага шляху, які нас аб’ядноўвае”, - сказаў Папа.

Святы Айцец заўважыў, што дыялог паміж рэлігійнымі супольнасцямі павінен характарызавацца любоўю – “мовай тых, хто належыць да Бога”. “Як можна абвяшчаць Бога любові, калі не любім адзін аднаго?”, - спытаў Францішак і нагадаў, што для плённага прапаведвання Евангелля неабходна еднасць паміж вызнаўцамі Хрыста.

Папа ўзгадаў шматлікіх хрысціян, якія сустракаюцца з цяжкімі выпрабаваннямі, пакутуюць і падвяргаюцца пераследу ў імя Езуса. 
“Іх сведчанне накладае на нас абавязак крочыць наперад, з любоўю і адвагай, аж да канца. Наш дыялог з мэтай дасягнення поўнай еднасці, наша сведчанне і наша супольнае служэнне, наш абавязак маліцца адно за аднаго і пераадольваць раны мінулага – гэта адказы, патрэбныя таксама ім, унутры нашага вялікага “мы” веры”, - сказаў Пантыфік. 

Царква Шатландыі, якая ўваходзіць у Сусветную Раду Цэркваў, была заснавана ў 1560 г. па ініцыятыве рэлігійнага рэфарматара Джона Нокса. На сённяшні дзень аб сваёй прыналежнасці да яе заяўляе каля 25% насельніцтва краіны. 








All the contents on this site are copyrighted ©.