2017-10-25 12:11:00

Святочная ёлка ў Ватыкан прыедзе з Польшчы


Ёлка, якая сёлета ўпрыгожыць ватыканскую плошчу св. Пятра, прыедзе з Польшчы. Масіўнае дрэва, вышынёй 28 метраў і максімальнай шырынёй па акружнасці каля 10 метраў, прывязуць з Элцкай дыяцэзіі. Яно будзе высечана Службай дзяржаўных лясоў краіны і дастаўлена праз Еўропу ў Ватыкан. Упрыгожаць ёлку вырабы хворых дзяцей, якія праходзяць лячэнне ў анкалагічных аддзяленнях італьянскіх клінік.

Ёлка з Польшчы будзе пастаўлена на плошчы св. Пятра ў другі раз. У 1997 г. яе прывезлі з Закапанэ, дзякуючы такім чынам за чарговую пілігрымку Яна Паўла ІІ на Радзіму.

У гэтым годзе традыцыйныя яслі Божага Нараджэння падрыхтуе бэнэдыктынскае абацтва ў Монтэвэрджынэ, у рэгіёне Кампанія, на поўдні Італіі. 

7 снежня 2017 г. раніцай польская дэлегацыя, прадстаўнікі рэгіёну Кампанія і маленькія творцы будуць прыняты на аўдыенцыі папам Францішкам. У той жа дзень вечарам адбудзецца цырымонія інаўгурацыі ёлкі. Святочная кампазіцыя на галоўнай ватыканскай плошчы застаецца да 7 студзеня, да ўрачыстасці Хросту Пана, якой завяршаецца літургічны перыяд Божага Нараджэння.








All the contents on this site are copyrighted ©.