2017-10-24 13:23:00

Пантыфік: увайсці ў таямніцу Езуса Хрыста


Не дастаткова быць толькі добрымі хрысціянамі – трэба па-сапраўднаму ўвайсці ў таямніцу Хрыста, адзначыў Францішак 24 кастрычніка 2017 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. У гаміліі ён спаслаўся на ўрывак з Паслання да Рымлянаў, у якім св. Павел імкнецца растлумачыць вернікам таямніцу Езуса (5,12-21).

Папа заўважыў, што апостал выкарыстоўвае супрацьпастаўленні – грэх і непаслухмянасць, ласка і прабачэнне. Ён адчувае сябе няздольным растлумачыць тое, што хоча, і заклікае заглыбіцца ў таямніцу, у цэнтры якой знаходзіцца Езус Хрыстус, Які палюбіў нас і аддаў сябе на смерць за кожнага. Пантыфік падкрэсліў, што ўвайсці ў таямніцу Хрыста нялёгка, гэта ласка. Яе пазналі афіцыйна абвешчаныя Касцёлам святыя, а таксама шматлікія “схаваныя святыя штодзённага жыцця”, пакорныя асобы, якія пакладалі надзею толькі на Бога, уваходзячы ў таямніцу ўкрыжаванага Езуса Хрыста. 

Па словах Францішка, калі вернікі ідуць на св. Імшу, яны ведаюць, што ў Божым слове прысутнічае Хрыстус, але, каб па-сапраўднаму ўвайсці ў таямніцу Пана, гэтага не дастаткова. Неабходна ісці да той глыбіні Яго міласэрнасці, дзе няма слоў, а ёсць толькі абдымкі любові, “любові, якая прывяла Яго да смерці за нас”. Таксама не дастаткова прыступаць да споведзі, толькі для таго, каб адчуць сябе спакойней і радасней. Трэба разумець, што яна з’яўляецца сустрэчай з Хрыстом, уваходам у абдымкі прабачэння, лічыць Папа.

Святы Айцец перакананы, што пазнаць тямніцу Хрыста не магчыма толькі праз вывучэнне – для гэтага патрэбна ласка. Ён параіў часцей разважаць над Крыжовым шляхам і Мукай Пана, а таксама нагадаў, што падобную параду для тых, хто пачынае духоўнае жыццё, давалі многія святыя.

Быць добрым хрысціянінам, хадзіць на св. Імшу ў нядзелю, рабіць ўчынкі міласэрнасці, маліцца на Ружанцы, добра выхоўваць дзяцей – гэта ўсё цудоўна. Але трэба задаць сабе пытанне: “Ці ўвайшоў я ў таямніцу Езуса Хрыста?”, сказаў Папа і заклікаў маліцца аб гэтым праз заступніцтва св. Паўла. 








All the contents on this site are copyrighted ©.