2017-10-23 10:54:00

Францішак: епіскапаты адказныя за пераклад літургічных кніг


Святы Айцец нагадаў пра асаблівую адказнасць мясцовых епіскапатаў за пераклад літургічных кніг. Аб гэтым гаворыцца ў яго лісце да кардынала Рабэра Сара, прэфекта Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў. У ім Пантыфік патлумачыў новаўвядзенні, змешчаныя ў Апостальскім лісце ў форме “motu proprio” пад назвай “Magnum Principium”, які быў апублікаваны 9 верасня 2017 г.

Францішак падкрэсліў, што з выданнем гэтага дакументу адмяняюцца ці губляюць сілу некаторыя пункты інструкцыі “Liturgiam authenticam”. Яна была прынята яшчэ ў 2001 г. і тычыцца перакладаў літургічных кніг з лацінскай на нацыянальныя мовы. 

Калі раней праверка правільнасціі перакладаў і ўвядзенне магчымых дастасаванняў знаходзілася ў кампетэнцыі Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў, то цяпер, згодна з рашэннем Францішка, яны знаходзяцца ў кампетэнцыі мясцовых епіскапатаў, але заўсёды ў дыялогу з Апостальскай Сталіцай.

Папа адзначыў, што зацвярджэнне (confirmatio) гэтых тэкстаў больш не прадугледжвае іх дэтальнага разгляду, слова за словам, за выключэннем відавочных выпадкаў, на якія можна ўказаць біскупам, каб прысвясцілі ім больш увагі. Гэта асабліва тычыцца важных формул, такіх як эўхарыстычныя малітвы і, асабліва, сакрамэнтальныя формулы, зацверджаныя Святым Айцом. Зацвярджэнне (confirmatio) тычыцца цэласнасці кнігі, або праверку таго, каб былі перакладзены ўсе элементы, якія ўваходзяць у склад выдання.

Святы Айцец падкрэсліў, што вернасць перакладу прадугледжвае вернасць арыгінальнаму тэксту, мове, на якую быў здзейснены пераклад, а таксама зразумеласць тэксту тымі, каму ён адрасаваны. У гэтым сэнсе пацвярджэнне (recognitio) перакладаў прадугледжвае толькі праверку і захаванне адпаведнасці праву і адзінству Касцёла. Вось часу працэс перакладу не павінен прыводзіць да “навязвання” епіскапатам перакладаў, зробленых Дыкастэрыяй.

Папа таксама дадаў, што зацвярджэнне (confirmatio) перакладу літургічнага тэксту Апостальскай Сталіцай не з’яўляецца выключна фармальным актам, але пацвярджэннем зацвярджэння, зробленага біскупамі, у духу дыялогу. 

Дакумент “Magnum Principium” быў падпісаны папам Францішкам 3 верасня 2017 г. і ўвайшоў у сілу 1 кастрычніка 2017 г. 

 








All the contents on this site are copyrighted ©.