2017-10-23 11:53:00

Пантыфік: адносіны з Богам – сапраўднае багацце


Войны і дзіцячы голад – гэта наступствы культу грошай, заўважыў Францішак 23 кастрычніка 2017 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. У гаміліі ён спаслаўся на евангельскую прыпавесць пра багатага чалавека, у якога добра ўрадзіла поле і які вырашыў збудаваць сабе яшчэ большыя засекі, каб затым адпачываць і весяліцца (Лк 12, 13-31).

Па словах Папы, тут гаворка ідзе пра такі тып людзей, якія не могуць спыніцца ў назапашванні багаццяў, бо паддаліся крайняму кансумізму і сталі нявольнікамі грошай. “Гэта не казка, якую прыдумаў Езус: гэта рэчаіснасць. Шмат людзей жыве, каб пакланяцца грошам, каб рабіць з грошай свайго бажка, але тады жыццё губляе сэнс. “Так бывае з тым, хто збірае скарбы сабе, а не перад Богам багацее”, - нагадаў Францішак евангельскія словы.

Святы Айцец распавёў гісторыю з свайго аргентыйскага досведу пра аднаго багатага прадпрымальніка, які нават ведаючы, што з’яўляецца цяжка хворым, набыў сабе дарагую вілу, не думаючы, што хутка павінен будзе прадстаць перад Панам. Таксама і сёння ёсць падобныя людзі, якія не разумець, што існуе вялікае мноства галодных, пазбаўленых лекаў, адукацыі і пакінутых дзяцей. “Мы маем справу з ідалапаклонствам, якое забівае, якое вядзе да чалавечых ахвяр”, - сказаў Папа. 

Францішак адзначыў, што іншым наступствам культу грошай з’яўляюцца войны, у тым ліку сямейныя канфкліты, якія нярэдка ўзнікаюць падчас дзялення спадчыны. Перад абліччам гэтай з’явы ён заклікаў вернікаў настойліва маліцца аб навяртанні людзей, якія пакланяюцца грошам, а таксама, каб самім не трапіць у гэту залежнасць, каб “быць здольнымі бачыць”. 

“У наш час, калі СМІ распавядаюць аб шматлікіх няшчасцях і несправядлівасцях, ахвярамі якіх становяцца дзеці, узнясем нашу малітву да Бога, каб перамяніў сэрцы людзей і яны пазналі Бога і не пакланяліся бажку грошай”, - сказаў Святы Айцец і заклікаў шукаць у Пану фундамент уласнага жыцця, разумеючы, што сапраўдным багаццем з’яўляюцца адносіны з Ім.








All the contents on this site are copyrighted ©.