2017-10-22 13:21:00

Папа адзначыў важнасць сведчання новых іспанскіх мучанікаў


Пасля марыйнай малітвы “Анёл Панскі” Святы Айцец нагадаў, што 21-га кастрычніка ў Барселоне былі беатыфікаваны Мацвей Касалс, Тэафіл Касаюз, Фэрнанда Сапэрас і 106-ць іх субратоў – мучанікаў з Кангрэгацыі місіянераў -сыноў Беззаганнага Сэрца Панны Марыі. Яны былі забітыя з-за нянавісці да веры падчас грамадзянскай вайны ў Іспаніі ў 30-х гадах ХХ стагоддзя. “Няхай іх гераічны прыклад і заступніцтва падтрымлівае хрысціян, якія ў наш час, у розных частках свету пакутуюць з-за  дыскрымінацыі і пераследаванняў”,- сказаў Францішак.

Літургію ўзначаліў у славутай барселонскай катэдры Святой Сям’і (Sagrada Familia) кардынал Анджэла Амата, Прэфект Кангрэгацыі па справах Кананізацыі. У інтэрв'ю Ватыканскаму Радыё іерарх назваў рэлігійнае пераследаванне ў мінулым стагоддзі ў Іспаніі “хваробатворным вірусам смерці і знішчэння, які пакінуў пасля сябе тысячы і тысячы нявінных ахвяраў”. “З іншага боку, гэтыя падзеі, адзначыў кардынал, паказалі мужнасць тысячаў пакутнікаў, кроў якіх стала жыццёваважнай лімфай для дынамізму сучаснага іспанскага Касцёла” . На цырымоніі прысутнічала больш за 30 біскупаў і кардыналаў, каля 300 святароў, натоўпы вернікаў, сярод якіх было каля тысячы сваякоў новых благаслаўлёных.

Ян Мойсік








All the contents on this site are copyrighted ©.