2017-10-22 13:06:00

Пантыфік абвясціў Надзвычайны місійны месяц


Францішак абвясціў, што ўвесь кастрычнік 2019 г. будзе Надзвычайным місійным месяцам, каб больш абудзіць евангелізацыйную дзейнасць Касцёла “ad gentes”. Аб гэтым ён заявіў 22 кастрычніка 2017 г. на заканчэнне марыйнай малітвы “Анёл Панскі” на плошчы св. Пятра ў Ватыкане. Папа нагадаў, што сёння ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца Сусветны місійны дзень пад дэвізам: "Місія ў цэнтры Касцёла".  “Я заклікаю ўсіх радасна перажываць місіі, сведчачы Евангелле ў асяроддзі, у якім кожны жыве і працуе. У той жа час, мы пакліканы падтрымліваць любоў’ю, канкрэтнай дапамогай місіянераў, якія пайшлі прапаведаваць Хрыста тым, хто яшчэ Яго не ведае”, - сказаў Пантыфік.

Сусветны місійны дзень ўстанавіў ў 1926 г. папа Пій ХІ. У гэты дзень ва ўсіх парафіях свету збіраюцца ахвяраванні на душпастырскую дзейнасць святароў, законных асоб і свецкіх вернікаў, якія працуюць на місійных тэрыторыях.

Сёння на свеце ў 97-мі краінах працуе больш за 350 тыс. місіянераў, мужчын і жанчын.

Ян Мойсік








All the contents on this site are copyrighted ©.