2017-10-19 13:43:00

Папа да будучых эканамістаў: быць свабоднымі ад чараў грошай


Мець сілу і мужнасць, каб слепа не падпарадкоўвацца нябачнай руцэ рынку, заклікаў Святы Айцец студэнтаў факультэта эканомікі французскага “Інстытута Шартро” (Institution des Chartreux) – навучальнай установы Ордэна Картузаў, якая знаходзіцца ў Ліоне. Папа прыняў іх на аўдыенцыі 19 кастрычніка 2017 г. у Клементыйскай зале ватыканскага Апостальскага палаца.

Пантыфік заклікаў сваіх гасцей ужо падчас вучобы, а таксама ў будучай прафесійнай дзейнасці, заставацца свабоднымі ад чараў грошай – няволі, у якую трапляюць тыя, хто робіць з іх культ. Такім чынам, каб працаваць у сферы камерцыі і міжнародных фінансаў, важна не толькі акадэмічная фармацыя, але таксама чалавечая, філасофская і духоўная, лічыць ён.

Францішак пажадаў студэнтам станавіцца абаронцамі роўнасці паміж людзьмі і спрыяць ёй, быць будаўнікамі справядлівага і належнага кіравання “нашым супольным домам, якім з’яўляецца свет”, а таксама мець здольнасць самім “прымаць рашэнні адносна сваёй будучыні”.

Папа заклікаў маладых людзей прысвячаць час і сродкі на ўмацаванне братэрства, узвядзенне мастоў паміж людзьмі, рабіць унёсак у будаванне больш справядліваага і гуманнага грамадства. Для гэтага неабходна заставацца ў еднасці з Богам з дапамогай малітвы, падкрэсліў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.