2017-10-19 13:05:00

Пантыфік: нельга займацца тэалогіяй без малітвы


Памятаць аб дармовасці збаўлення, блізкасці Бога і важнасці канкрэтыкі ва ўчынках міласэрнасці, заклікаў Святы Айцец 19 кастрычніка 2017 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. У гаміліі ён спаслаўся на літургічны евангельскі ўрывак, у якім Езус папракае кніжнікаў і фарысеяў за тое, што “забралі ключ пазнання” Бога і, такім чынам, самі не ўвайшлі ў Яго Валадарства і перашкодзілі іншым (Лк 11, 47-54).

Паводле Папы, няздольнасць разумець Божае аб’яўленне, Божае слова, Божае збаўленне, вынікае з забыцця аб бязвыплатнасці збаўлення, блізкасці Бога і Яго міласэрнасці. Калі людзі забываюць аб усім гэтым, губляюць ключ разумення гісторыі збаўлення, губляюць адчуванне блізкасці Бога, падкрэсліў Святы Айцец.

“Бог для іх – гэта той, хто стварыў Закон, а не Бог Аб’яўлення. Бог Аб’яўлення – гэта Бог, Які пачаў пілігрымаваць з намі ад Абрагама аж да Езуса Хрыста. Гэта Бог, Які крочыць са сваім народам. І калі губляюцца блізкія адносіны з Панам, прыходзім да гэтай прытупленага мышлення, якое верыць у самадастатковасць збаўлення праз спаўненне Закона”, - сказаў Папа.

Францішак перакананы, што без блізкасці з Богам, без малітвы, “нельга вучыць дактрыне” і нават “займацца тэалогіяй”, тым больш маральнай. Тэалогіяй, паводле яго слоў, трэба займацца “стоячы на каленях”, гэта значыць у пастаяннай духоўнай блізкасці з Панам. Блізкасць жа з Панам мае сваю найвышэйшую кропку ва ўкрыжаваным Хрысце, паколькі мы былі адкуплены Яго крывёю.

Такім чынам сведчаннем спаўнання Божага Закону, паводле Святога Айца, з’яўляюцца ўчынкі міласэрнасці. У іх людзі дакранаюцца да Хрыстовага цела ў постаці людзей, якія пакутуюць, як цялесна, так і духоўна. Францішак папярэдзіў, што калі людзі губляюць “ключ пазнання”, даходзяць да амаральнасці. Ён нагадаў таксама аб адказнасці пастыраў, якія губляюць ці забіраюць “ключ пазнання”, зачыняючы “дзверы нам і іншым”.

Ён распавёў гісторыі пра святароў, якія адмаўляліся ўдзяляць хрост немаўлятам народжаным у некананічных сужэнствах, або не дазвалялі прысутнічаць падчас хросту дзіцяці разведзеным асобам, якія жывуць у новых, несакрамэнтальных саюзах. “Фарысеі, настаўнікі закона – гэта не з мінулага. Іх шмат таксама і сёння. Таму неабходна маліцца за нас, пастыраў. Маліцца, каб не згубілі ключ пазнання і не зачынялі дзверы перад намі і людзьмі, якія жадаюць увайсці”, - заклікаў на заканчэнне гаміліі Папа.








All the contents on this site are copyrighted ©.